Славутасці Дзісны
Замкавы востраў. Дзісненскі замак быў закладзены на востраве, які абмываўся з аднаго боку ракой Заходняя Дзвіна, з другога – ракой Дзісна. Узнік у 1554 г. Складаўся з Ніжняга і Верхняга замкаў. Абодва былі пабудаваны з дрэва і ўмацаваны землянымі валамі. У XVIII стагоддзі ўмацаванні Дзісненскага замка былі разбураны. Засталіся толькі валы Ніжняга замка.
100-гадовы мост з драўляным насцілам узведзены ў 1906 – 1907 гг. У 1944 годзе адзін з пралётаў быў узарваны і заменены трафейным элементам іншага па тыпе канструкцыі. Узровень вады ў Дзісне пад мостам на працягу года змяняецца да 8 м!
Сінагога. Да пачатку XX стагоддзя яўрэі складалі большую частку жыхароў Дзісны. У горадзе налічвалася 9 сінагог, аднак да цяперашняга часу захаваўся толькі будынак на скрыжаванні вуліц Юбілейнай і Леніна. Цяпер тут размешчаны вытворчы цэх КУВП «Віцебчанка».
Будынак былой гасцініцы «Рыга»(XIX ст.). Цяпер – жылы дом.
Гімназія. Гімназія была арганізавана ў 1921 годзе ў будынку царскай турмы. Апроч класаў у гімназіі быў абсталяваны гімнастычны зала, майстэрня ручной працы са станкамі, кабінет біялогіі, за якім размяшчаўся велізарны батанічны сад. Высока было пастаўлена выкладанне гуманітарных прадметаў, добра працавала вучнёўскае самакіраванне, тэатральны гурток, выпускаўся штомесячны часопіс «Наш голас». У гімназіі вучыўся знакаміты беларускі жывапісец, графік, скульптар, пісьменнік, фалькларыст, этнограф і археолаг Язэп Драздовіч. Пасля гімназія стала школай-дзесяцігодкай. А сёння тут размяшчаецца бальніца сястрынскага догляду.
Дом рабіна – рэлігійнага кіраўніка яўрэйскай абшчыны. Цяпер у будынку размешчана адміністрацыя горада Дзісны.
Храм Уваскрасення Хрыстова узведзены ў 1870 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У храме захоўваюцца: абраз Маці Божай «Адыгітрыя» канца XVI – пачатку XVII стагоддзя, грамата і абраз Патрыярха Ціхана з часціцай яго мошчаў, а таксама мошчы свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава.
Парк– Аляксандраўскі бульвар закладзены ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў.
Будынак павятовага аддзялення апекі аб цвярозасці (Дом цвярозасці), на сцэне якога ў 1911 годзе выступала трупа акцёраў пад кіраўніцтвам заснавальніка першага прафесійнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.
Касцёл Беззаганнага зачацця Дзевы Марыі. Узведзены ў 1773 годзе, разбураны ў гады Другой сусветнай вайны. У 2006 годзе пачалася яго рэстаўрацыя.
Царква ў гонар абраза Божай Маці Смаленскай «Адыгітрыя» узведзена ў пачатку XX стагоддзя ў псеўдарускім стылі.
Руіны бальніцы. Будаўніцтва бальніцы вялося ў 1901 – 1903 гадах. Разлічана яна была на 100 ложка-месцаў. У свой час тут лячылі і царскіх асоб, і палякаў, і савецкіх ваенных, і нямецкіх афіцэраў. Тут чытаў прамовы камандзір Чырвонай Арміі Гай, вершы – паэт Дзям'ян Бедны, выступаў беларускі пісьменнік Міхась Машара. Такой багатай гісторыяй можа «пахваліцца» далёка не кожная бальніца. У 1944 годзе бальніца згарэла і больш не аднаўлялася.
Пажарная каланча.Пажар 16 чэрвеня 1882 года амаль цалкам знішчыў горад. Пасля гэтага ў Дзісне было заснавана Вольнае пажарнае таварыства, якое не саступала Віленскаму. У цяперашні час у будынку размяшчаецца пажарнае дэпо.
Паром.Уяўляе сабой рачное судна, тыпу баржы. Працуе на дызельным паліве. Ажыццяўляе сезонныя перавозкі праз раку Заходняя Дзвіна.
Брусчатка.Захавалася ў старой частцы горада: па набярэжнай ракі Заходняя Дзвіна, вул. Пушкіна і вул. Першамайскай.
Брацкая магіла, у якой пахаваны воіны, партызаны і мірныя жыхары, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Брацкая магіла 3800 мірных жыхароў-яўрэяў.У галоўі цэнтральнай магілы ўстаноўлена гранітная пліта з надпісам на дзвюх мовах – беларускай і іўрыце – наступнага зместу: «Тут пахаваны 3800 жыхароў-грамадзян г. Дзісна, яўрэяў, загінуўшых ад рук фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых 14.06.1942. Няхай будзе блаславенна памяць загінуўшых!» - і ніжэй надпіс на рускай: «Здесь покоятся 3800 жителей г. Дисна».