Калі ў сям'і выхоўваецца дзіця да трох гадоў з асаблівасцямі развіцця, то памер усіх належных выплат (пенсіі і дапамогі) складае ад 1254 рублёў у месяц. Пра гэта ў Міжнародны дзень абароны дзяцей паведамілі ў Мінпрацы і сацабароны. Пры наяўнасці ў сям'і яшчэ дваіх дзяцей старэйшых за тры гады памер дапамогі можа дасягаць 1659 рублёў.

– Калі ў сям'і ёсць дзіця-інвалід ад трох да 18 гадоў і адзін з бацькоў за ім даглядае, атрымліваючы дапамогу па доглядзе, сумарны мінімальны памер грашовай дапамогі складзе 778 рублёў, – удакладнілі ў Мінпрацы і сацабароны. – А калі ў такой сям'і выхоўваюцца яшчэ двое дзяцей старэйшых за тры гады, то агульная сума дасягае 1245 рублёў. Бывае, што дапамога па доглядзе бацьку не выплачваецца. Тады сума дзяржпадтрымкі, адпаведна, складае ад 467 да 872 рублёў.

У Мінпрацы канкрэтызавалі, у якіх выпадках і якім катэгорыям сем'яў належыць дапамога з бюджэту.

– Прамая матэрыяльная падтрымка сем'яў з дзецьмі-інвалідамі ажыццяўляецца праз сістэму дзяржаўных дапамог, – удакладнілі ў ведамстве. – Памер выплат залежыць ад узросту дзіцяці-інваліда, ступені страты яго здароўя і наяўнасці іншых дзяцей у сям'і.

Дапамога па доглядзе за дзіцем да трох гадоў на дзіця з інваліднасцю прызначаецца ў павышаным памеры – 45 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне (694 рублі).

На ўсіх дзяцей старэйшых за тры гады, якія выхоўваюцца ў сям'і, выплачваецца штомесячная дапамога: на дзіця-інваліда – 70 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) (218 рублёў), на іншых дзяцей у сям'і – 50 працэнтаў БПМ (156 рублёў).

Бацькам або іншым асобам, якія ажыццяўляюць догляд за дзіцем-інвалідам, прызначаецца дапамога па доглядзе, памер якой устаноўлены ў залежнасці ад узросту і ступені страты здароўя дзіцяці:

    • на дзіця ва ўзросце да трох гадоў – 100 працэнтаў БПМ незалежна ад ступені страты здароўя (311 рублёў);
    • на дзіця старэйшае за тры гады з 1-й або 2-й ступенню страты здароўя – 100 працэнтаў БПМ (311 рублёў);
    • на дзіця старэйшае за тры гады з 3-й або 4-й ступенню страты здароўя – 120 працэнтаў БПМ (373 рублі).

    Дзецям-інвалідам да 18 гадоў прызначаецца сацыяльная пенсія. На памер уплывае ступень страты здароўя – ад 80 да 110 працэнтаў БПМ. У маі бягучага года сума складала ад 249 рублёў да 342 рублёў.