З чарговай перамогай вярнуліся дадому выхаванцы клуба «Дэбаты» Міёрскага цэнтра дзяцей і моладзі
Яны ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе рытарычнага мастацтва «Спікер года» і практычна ўсе былі адзначаны журы. Мілана Шымко і Марыя Мацук сталі ўладальніцамі дыпломаў I ступені ў сваіх групах рускамоўнай лігі, а ў суперфінале Мілану назвалі абсалютным яго пераможцам. Дыпломам II ступені была ўзнагароджана Паліна Шук, III ступені — Ксенія Мацкова.
Клуб «Дэбаты» працуе пры Міёрскім РЦДМ больш за дзесяць гадоў. Увесь гэты час трэнерам у ім з'яўляецца Наталля Буцько — чалавек захоплены, эрудыт. Яна лічыць, што пераадоленне страху перад вялікай аўдыторыяй, пісьменная мова дапамогуць дзецям у іх далейшым асобасным росце. Таму вучыць школьнікаў, пачынаючы з падлеткавага ўзросту, навыкам публічнага выступлення, уменню трымацца на сцэне, правільна дыхаць, расстаўляць акцэнты.