Што пагражае грамадзяніну за парушэнне правілаў, якія забяспечваюць бяспеку руху на чыгуначным або гарадскім электрычным транспарце?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Міёрскага РАУС Сяргей Якушын:
— Чыгуначная дарога – зона павышанай небяспекі. Нельга стаяць блізка да краю платформы пры набліжэнні цягніка, падыходзіць да вагонаў да поўнай прыпынку цягніка, падлазіць пад рухомы састаў, набліжацца да абарваных правадоў, скакаць з пасажырскай платформы на пуці. Пераходзіць пуці трэба толькі ў строга адведзеных для гэтага месцах.
Згодна з арт. 18.2. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне правілаў, якія забяспечваюць бяспеку руху на чыгуначным або гарадскім электрычным транспарце) прадугледжаны наступныя віды адміністрацыйнага спагнання:
- Падкладванне на чыгуначныя і трамвайныя пуці прадметаў, якія могуць выклікаць парушэнне руху чыгуначнага або гарадскога электрычнага транспарту,
цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь.
- Пашкоджанне чыгуначнага або трамвайнага пуці, ахоўных лесанасаджэнняў, снегаахоўных агароджаў або іншых пуцявых аб'ектаў, збудаванняў і прылад сігналізацыі і сувязі цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.
- Парушэнне правілаў праезду гужавога транспартнага сродку і прагону жывёлы праз чыгуначныя пуці, выпасу жывёлы паблізу чыгуначных пуцей цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да дзесяці базавых велічынь.
- Праход па чыгуначных пуцях або знаходжанне на чыгуначных пуцях у месцах, не прызначаных для іх перасячэння, цягнуць накладанне штрафу ў памеры да двух базавых велічынь.
Пераважнымі прычынамі траўмавання на чыгуначных пуцях з'яўляецца невыкананне элементарных мер асабістай бяспекі: размовы па мабільным тэлефоне і выкарыстанне навушнікаў пры знаходжанні на пуцях, ігнараванне гукавой і светлавой сігналізацыі, спробы зрабіць сэлфі з чыгуначнага рухомага саставу.
Рухомы цягнік спыніць няпроста. Яго тармазны шлях у залежнасці ад мноства фактараў дасягае 1000 метраў. Неабходна ўлічваць, што цягнік, які ідзе з хуткасцю 100-120 км/гадзіну, за секунду пераадольвае 30 метраў, а пешаходу для таго, каб перайсці праз чыгуначны шлях, патрабуецца не менш за 5 – 6 секунд.
Не парушайце правілы бяспекі пры знаходжанні на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Спыніце свайго таварыша, які грэбуе небяспекай і рызыкуе сваім жыццём.