На веласіпедзе, матацыкле і мапедзе заскочым у лета без трагедый!
Пад такім дэвізам па ўсёй нашай краіне 28 красавіка пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца супрацоўнікамі міліцыі грамадскай бяспекі ў рамках гэтага адзінага дня, будуць накіраваны на прафілактыку і папярэджанне ДТЗ з удзелам двухколавага транспарту.
Сёння нам хацелася б звярнуцца да кіроўцаў, якія кіруюць так званым «малым транспартам» - матацыкламі і мапедамі. Гэта выклікана тым, што ў апошнія дні зводкі дарожна-транспартных здарэнняў літаральна стракацяць выпадкамі аварый, здзейсненых матацыклістамі.
Матацыкл у умелых руках і пры сур'ёзным да яго стаўленні вельмі надзейны. Але ўразлівым месцам гэтага транспарту з'яўляецца няўстойлівасць, большы, чым у аўтамашыны, тармазны шлях. Таму карыстацца ім трэба асцярожна і агледліва. А што адбываецца насамрэч?
Хоць Правілы дарожнага руху строга агаворваюць хуткасць, як у населеных пунктах, так і за іх межамі, нямала можна бачыць такіх «аматараў вострых адчуванняў», якія мчацца па дарогах, забыўшыся пра ўсякую асцярожнасць, абганяюць транспарт і справа, і злева, змяняюць напрамак руху, не падаючы сігналаў папярэджання, кіруюць матацыкламі, будучы ў стане алкагольнага ап'янэння, без ахоўных матацыклетных шлемаў. У выніку гінуць, атрымліваюць траўмы самі і іх пасажыры.
Шкада, але не заўсёды довады супрацоўнікаў ДАІ даходзяць да свядомасці «гарэ-кіроўцаў». Часцей за ўсё бывае так, што сэнс папярэджання многія пачынаюць разумець, калі ўжо адбылося непапраўнае. Асабліва сур'ёзнае становішча з аварыйнасцю на мотатранспарце складаецца ў сельскай мясцовасці, дзе пракантраляваць матацыклістаў вельмі цяжка.
Хацелася б закрануць яшчэ адзін бок праблемы аварыйнасці сярод матацыклістаў. Сёння ўжо нікога не здзіўляе, што бацькі купляюць сваім сынам, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, мапеды і нават матацыклы, давяраюць ім свае двухколавыя машыны. Пры гэтым не ўсе задаюцца пытаннямі: дзе іх сын будзе вучыцца вадзіць мапед ці матацыкл, ці дастаткова ён дысцыплінаваны і строгі да сябе? Часта матацыклы, чамусьці забываюць зарэгістраваць у ДАІ і прадставіць на тэхнічны агляд. Асабліва гэта тычыцца сельскай мясцовасці.
Дзяржаўтаінспекцыя, натуральна, прымае меры па спыненні фактаў кіравання падлеткамі мапедамі і матацыкламі. Міліцыя высвятляе ў іх, чый матацыкл, чаму ён не зарэгістраваны, складае адміністрацыйныя пратаколы. Але будзем шчырымі, нават гэтыя меры не заўсёды здымаюць праблему. А як часта міліцыянера не аказваецца на шляху юнага кіроўцы.
Не дапусціць у далейшым падобных надзвычайных здарэнняў можна. Але, каб справіцца з гэтай праблемай, ніхто не павінен заставацца ўбаку, ні грамадскасць, ні школа, а самае галоўнае – сям'я.
Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу аматараў мотатэхнікі, што вырашальным умовай паспяховых паездак на матацыкле з'яўляецца строгае выкананне Правілаў дарожнага руху.
Заўсёды трэба памятаць, што матацыкліст у меншай ступені абаронены, чым кіроўца аўтамабіля, якога можа ўберагчы ад траўм корпус аўтамабіля. Кіруючы мотатэхнікай, кіроўца і яго пасажыры, згодна з ПДР, абавязаны быць у зашпіленых матацыклетных шлемах.
Таму не забывайце зашпіліць матацыклетны шлем – сродак, які дазваляе захаваць жыццё, знізіць цяжар пашкоджанняў пры здарэннях.
Заўсёды саступайце дарогу пешаходам у месцах, дзе яны маюць пераважнае права на рух, жэстам запрашайце іх ісці, калі яны не рашаюцца.
Кіруйце матацыклам так, каб у Вас заставаўся час для ацэнкі дарожнай сітуацыі і выканання неабходных дзеянняў па забеспячэнні бяспекі руху.
Памятайце, што найлюты вораг кіроўцы – алкаголь.
В.а. начальніка аддзялення ДАІ
ОВД Міёрскага райвыканкама А.Ф.Савейка