Дзіця – галоўны пасажыр!
Пад такой назвай з 17 па 27 сакавіка Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычнае мерапрыемства, мэта якога – прадухіліць ДТЗ з удзелам дзяцей-пасажыраў і нагадаць кіроўцам, якія перавозяць у транспартных сродках дзяцей, аб адказнасці за іх бяспеку і жыццё.
Нягледзячы на тое, што гэтая тэма заўсёды знаходзіцца на асаблівым кантролі ў супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, аварыі з удзелам дзяцей працягваюць мець месца. У студзені-лютым бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў цэлым па рэспубліцы ўзрасла колькасць ДТЗ з удзелам непаўналетніх. Па віне кіроўцаў пацярпелі 36 з 41, або 87,8%, дзяцей. Найбольш неспрыяльная сітуацыя адзначаецца ў Мінскай вобласці, дзе ў выніку лабавога сутыкнення ў Смалявіцкім раёне загінулі 14-гадовы і 13-гадовая пасажыры маршрутнага таксі. У Віцебскай вобласці ў лабавым сутыкненні загінула 17-гадовая пасажырка.
Згодна з Правіламі дарожнага руху, перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, – ва ўзросце да пяці гадоў; дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустэраў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, – ва ўзросце ад пяці да дванаццаці гадоў.
Статыстыка ДТЗ, як ні сумна, даказвае, што для некаторых кіроўцаў дзіцячае крэсла – гэта толькі шанец пазбегнуць пакарання дзяржаўтаінспектараў, а не бяспека малога.
Аддзяленне ДАІ Міёрскага райвыканкама