Дом без пажару - бяспечны дом
З 22 па 26 чэрвеня на тэрыторыі Міёрскага раёна праходзіла спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства "Дом без пажару", накіраванае на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллі.
У Міёрскім раёне складаная аператыўная абстаноўка з пажарамі. З пачатку года адбылося 17 вогненных здарэнняў, на якіх загінула 2 чалавекі. Каб папярэдзіць пажары, работнікі Міёрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, як індывідуальна, так і сумесна з суб'ектамі прафілактыкі, наведалі домаўладанні катэгарызаваных грамадзян на тэрыторыі Узменскага сельскага Савета і горада Міеры. Пры абследаванні жылля прадстаўнікі МНС нагадвалі грамадзянам аб неабходнасці няўхільнага выканання правілаў пажарнай бяспекі ў побыце, прыводзілі прыклады пажараў з гібеллю.
– Дадзенае мерапрыемства праводзілася з мэтай зніжэння ўзнікнення пажараў у жыллёвым фондзе і прадухілення гібелі людзей. «Дом без пажару» уключае ў сябе прафілактычныя мерапрыемствы ў домаўладаннях, дзе візуальна ацэньваецца стан пажарнай бяспекі. З грамадзянамі праводзіліся тлумачальныя гутаркі, даваліся рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, – расказвае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Бунта. – Аднак, як паказвае практыка, адных толькі папярэджанняў недастаткова.
У рамках прафілактычнай работы начальнік Міёрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Рачыцкі сустрэўся з жыхарамі населенага пункта аграгарадка Узмены. У сваім звароце да жыхароў ён падкрэсліў: «Пячное ацяпленне, электраабагравальнікі, неасцярожнае абыходжанне з агнём - усё гэта можа прывесці да трагедыі. Наша задача - не дапусціць гэтага».
На сходзе дэталёва разбіраліся ў прычынах узнікнення пажараў. Асаблівая ўвага надавалася правілам эксплуатацыі пячнога ацяплення, эксплуатацыі электраабсталявання, а таксама недапушчальнасці дзіцячага свавольства з агнём.
Акрамя практычных парад усе атрымалі наглядна-выяўленчую прадукцыю з карыснымі парадамі.