Знайдзіце магчымасць навучыць дзяцей правілам бяспекі
Неасцярожнае абыходжанне дзяцей з агнём нярэдка прыводзіць да вельмі сумных наступстваў. З-за невялікага жыццёвага досведу і вялікай цікаўнасці малыя аказваюцца ў небяспечнай для сябе сітуацыі.
І, як правіла, за кожным няправільным дзеяннем дзяцей стаяць няправільныя дзеянні нас, дарослых. А дзеці, нібы губкі, убіраюць у сябе ўсю інфармацыю з навакольнага свету. Калі мама пасля распальвання газавай пліты кідае запаленую запалку ў смеццевае вядро, яе дзіця паступіць наступным разам так жа. Калі тата дазваляе сабе курэнне ў прысутнасці дзяцей, апошнія таксама абавязкова знойдуць час і магчымасць паспрабаваць паліць.
Траўматызм і гібель дзяцей немагчыма перадаць словамі. Гора для родных і блізкіх, бацькоў немагчыма вымераць нічым. Але мы, дарослыя, часам не разумеючы гэтага ці проста спадзеючыся на тое, што «пранясе», працягваем пакідаць дзяцей адных дома, самі не выконваем правілы бяспекі і нават часам не задумваемся пра тое, як важна пра правілы паводзін пагаварыць з дзецьмі.
Выратавальнікамі ўжо даўно распрацавана мноства метадычных і навучальных матэрыялаў, з дапамогай якіх можна навучыць правілам бяспечных паводзін, і зрабіць гэта не ў выглядзе павучання, а ў гульнявой форме. Гэта і мультсерыялы МНС («Чароўная кніга МНС», а нядаўна з'явіўся і новы мультфільм «Спецатрад 112»), і мабільны дадатак «МНС Беларусі. Дапамога побач», і наглядна-выяўленчая прадукцыя (размалёўкі, буклеты, настольныя гульні і г.п.), якую можна знайсці на афіцыйным сайце міністэрства і спампаваць зусім бясплатна. Як гаворыцца, хто хоча – той шукае магчымасць, а хто не хоча - шукае апраўданні.
Паважаныя бацькі, навучайце дзяцей з малых гадоў правілам бяспечных паводзін. Растлумачце, што неабходна рабіць у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, куды трэба бегчы і дзе ратавацца. Запомніце самі і вывучыце разам з дзецьмі нумары экстранных службаў, растлумачце ў якую службу і ў якой сітуацыі неабходна тэлефанаваць, пры гэтым нагадаўшы аб недапушчальнасці ілжывых выклікаў. Гэтыя веды, магчыма, стануць тым выратавальным кругам для вашага дзіцяці, які захавае яму жыццё.
Інспектар СПіВА Міёрскага РАНС