Правілы бяспечных паводзін для дзяцей
Працягвае сваё шэсце па тэрыторыі Міёршчыны самая летняя і самая вясёлая інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя «Бяспечныя канікулы». Дадзеная акцыя заслугоўвае асабістай увагі, таму што яе асноўная мэта – папярэджанне пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей у перыяд летніх канікулаў. Каб дасягнуць пастаўленай мэты работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведваюцца ў госці да хлопчыкаў і дзяўчынак у дзіцячыя садкі. Так, чарговая сустрэча адбылася з выхаванцамі Міёрскага дзіцячага садка нумар 3.
Канешне, слухаць «проста лектара» – зусім не цікава, таму ратавальнікі імкнуцца да розных формаў давядзення інфармацыі. Так, для ўдзельнікаў мерапрыемства госці падрыхтавалі разнастайныя конкурсы – «Званок у службу выратавання», «Небяспечныя і бяспечныя гульні», «Агонь – сябар, агонь – вораг», – а таксама ў гульнёвай форме паказалі, як пакідаць задымленае памяшканне. Пасля размовы прысутныя паабяцалі, што купацца будуць толькі на спецыяльна абсталяваных пляжах разам з дарослымі, не будуць выкарыстоўваць для плавання дошкі, бярвенні, надзіманыя матрацы, камеры аўтамашын і іншыя дапаможныя сродкі. Узгадалі і пра тое, што гульні менавіта на вадзе забаронены, як і забаронена купанне падчас навальніцы, моцнага ветру і ноччу.
– Акцыя праводзіцца не проста для таго, каб давесці інфармацыю, – адзначаюць ратавальнікі. – Усё тое, што мы перадаем дзецям, павінна гарантаваць апошнім не толькі цудоўны летні настрой падчас адпачынку, але і бяспечную будучыню наогул!