Захоўвайце правілы бяспекі, каб бяда абышла бокам
З першых дзён летніх канікул работнікі Міёрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рамках рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай акцыі «Бяспечныя канікулы» наведваюць прышкольныя аздараўленчыя лагеры і праводзяць заняткі.
Так, прафілактычнае мерапрыемства прайшло ў Туркоўскай базавай школе. Прадстаўнікі службы «101» правялі займальнае мерапрыемства, дзе дзеці даведаліся, як правільна дзейнічаць у экстранных сітуацыях і што трэба рабіць, каб іх пазбегнуць. Спецыяліст сектара прапаганды патлумачыў дзецям, як зрабіць адпачынак ля вады бяспечным і не трапіць у бяду.
– Купацца можна толькі з дарослымі і ў спецыяльна абсталяваным месцы. У нас у раёне – гэта пляж на паўвостраве горада Міёры і пляж у вёсцы Пераброддзе.
– А каб не было сонечнага ўдару, заўсёды трэба надзяваць галаўны ўбор, – падзяліўся сваімі ведамі адзін з выхаванцаў лагера.
Акрамя таго, дзеці самі паспрабавалі аказаць першую дапамогу чалавеку, які церпіць бедства на вадзе. Атрыманыя веды дзеці замацавалі, згуляўшы ў інтэрактыўныя гульні і адказаўшы на пытанні тэматычных віктарын. На памяць ім уручылі памяткі аб бяспецы.