Правілы бяспечных паводзін на вадаёмах і каля іх
Сярод асноўных прычын няшчасных выпадкаў на вадзе – грубае парушэнне правілаў бяспекі. Даволі часта купанне на непрыстасаваных і неабарудаваных для гэтых мэт вадаёмах заканчваецца трагічна. Нямала выпадкаў, калі некаторыя людзі, бравадуючы сваім майстэрствам, уплываюць далёка ад берага, ныраюць і скачуць у ваду ў незнаёмых месцах. У выніку такіх дзеянняў можна не толькі загінуць, але і апынуцца на ўсё жыццё прыкаваным да інваліднай каляскі з-за атрыманых траўм пры ўдарах.
Такім чынам, мы бачым, што вада сапраўды з'яўляецца небяспечнай стыхіяй, якая не даруе памылак нікому. І пры невыкананні правілаў бяспекі можа патануць і той, хто не ўмее плаваць, і той, хто наадварот добра плавае. Няшчасныя выпадкі могуць адбыцца і на вялікіх, і на малых вадаёмах, а галоўнай прычынай іх узнікнення з'яўляецца чалавечая бестурботнасць.
На жаль, даволі часта ў перыяд працяглых школьных канікул дзеці бываюць пакінуты самі сабе і пры наступленні цёплых дзён імкнуцца да вады. У гэты час дарослым трэба быць асабліва ўважлівымі, бо да бяды шмат часу не трэба, і не важна, якога ўзросту дзіця – дашкольнік ці падлетак, купацца і гуляць каля вадаёмаў яны павінны толькі пад кантролем дарослых. На жаль, пасля таго, як адбылася трагедыя, ужо ні выправіць, ні вярнуць нічога нельга, таму лепш своечасова прыняць усе меры бяспекі, арганізаваць разумны адпачынак сваіх дзяцей і самае галоўнае – ні ў якім выпадку не пакідаць іх без нагляду нават на хвіліну.
Інспектар СПіВА Міёрскага РАНС А.М.Гіржда