У Міёрскім раёне праведзена практычная трэніроўка па арганізацыі эвакуацыйных мерапрыемстваў

Супрацоўнікі Міёрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з супрацоўнікамі Віцебскага абласнога ўпраўлення праверылі гатоўнасць пунктаў прыёму часова адсяляемага насельніцтва на базе ўстаноў адукацыі раёна.

Мэта падобных трэніровак – праверка гатоўнасці да надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, а таксама да дзеянняў у ваенны час; праверка мерапрыемстваў па падрыхтоўцы пунктаў да прыёму і размяшчэння часова адсяляемага насельніцтва; адпрацоўка практычных дзеянняў адміністрацыямі ўстаноў. Для гэтага былі разгорнуты групы прыёму і размяшчэння, стол даведак, пакой маці і дзіцяці, медыцынскі пункт, група аховы грамадскага парадку, пакой псіхолага.

Трэніроўкі ўключалі практычную адпрацоўку ключавых элементаў: апавяшчэнне і збор адміністрацыі, парадак абсталявання пунктаў і выкананне абавязкаў кіраўніцтвам устаноў.

Мы прадэманстравалі і адпрацавалі алгарытм дзеянняў для адміністрацый аб'ектаў, надаўшы асаблівую ўвагу выкананню патрабаванняў па падрыхтоўцы памяшканняў для прыёму, размяшчэння і жыццезабеспячэння часова адсяляемага насельніцтва, – растлумачыў старшы інжынер аддзела арганізацыйнага забеспячэння дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Жукаў.

У межах паказальнай трэніроўкі адбылося пасяджэнне эвакуацыйнай камісіі пры Міёрскім раённым выканаўчым камітэце пад старшынствам намесніка старшыні Аляксандра Жука.

– Вучэнні дапамагаюць павысіць узровень падрыхтоўкі мясцовых органаў улады па арганізацыі эвакуацыйных мерапрыемстваў. Па выніках трэніроўкі адзначана ўзгодненая праца ўсіх структур, а таксама дадзены рэкамендацыі па паляпшэнні іх забеспячэння і функцыянавання ў асаблівы перыяд, – падкрэсліў Аляксандр Іванавіч.

У Міёрскім раёне праведзена практычная трэніроўка па арганізацыі эвакуацыйных мерапрыемстваў | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт