Задача – навучыць з дзяцінства
Навучанне дзяцей бяспецы жыццядзейнасці актуальна заўсёды! Калі дарослыя ведаюць пра тое, як трэба паводзіць сябе ў той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, то дзеці такой інфармацыяй валодаюць не заўсёды. Менавіта таму навучаць падрастаючае пакаленне правілам бяспекі трэба пачынаць з ранняга дзяцінства. Работнікі Міёрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пабывалі ў дзіцячым садзе ў выхаванцаў дашкольнай групы Навапогосцкай сярэдняй школы
Работа з дзецьмі – адна з самых напружаных. Галоўная мэта пры правядзенні гэтай работы – навучыць дзяцей, сацыялізаваць іх ва ўрослае жыццё. Дзіця нават ужо ў дзіцячым садзе павінна многае ведаць і ўмець. У ліку ведаў, якія дзеці павінны засвоіць з дзяцінства – гэта і недапушчальнасць узнікнення надзвычайных сітуацый.
Прадстаўнікі службы «101» расказалі малым не толькі пра сваю прафесію, але і правялі растлумачальную інтэрактыўную гутарку.
Усім вядома, што запалкі або запальнічкі, якія так і просяцца ў рукі дзетвары, вельмі небяспечная цацка і нямала, падобны жарт прыводзіць да бяды. Работнікі выратавальнага ведамства патлумачылі хлопчыкам і дзяўчынкам, чым небяспечныя гульні з агнём, а таксама навучылі, як паводзіць сябе ў выпадку пажару: не панікаваць, неадкладна паведаміць аб здарэнні дарослым, пакінуць небяспечную зону, ні ў якім выпадку не хавацца ва ўтульных месцах ад агню і дыму. Разам з работнікам МНС дашкольнікі завучылі на памяць нумары тэлефонаў выратавання. У межах сустрэчы малыя даведаліся прынцып працы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
У завяршэнне мерапрыемстваў ратавальнікі адказалі на пытанні, якія цікавілі дапытлівых дашкольнікаў і ўручылі наглядна-выяўленчыя матэрыялы з карыснай інфармацыяй ад МНС. Не абышлося і без фота на памяць.