Калі разбіўся градуснік…

Прастудныя захворванні – справа вельмі звыклая. Адчуўшы недамаганне, перш за ўсё мы спяшаемся вымераць тэмпературу. І нават нягледзячы на тое, што сёння аптэчны рынак прапануе нам выбар, многія да гэтага часу новым тэндэнцыям аддаюць перавагу стары добры ртутны градуснік. І ўсё б нічога, вось толькі адзін няёмкі рух – і ў розныя бакі ўжо раскаціліся шарыкі ртуці…

З «неардынарнымі» характарыстыкамі гэтага рэчыва знаёмыя, мабыць, усе, аднак упарта працягваюць недаацэньваць яго небяспеку. Дарэчы, ёсць ртуць яшчэ і ў танометрах, а таксама ў люмінесцэнтных лямпах. Гэты серабрыста-белы метал у звычайных умовах уяўляе сабой лёгка рухомую вадкасць, якая пры ўдары тут жа падзяляецца на дробныя шарыкі і пранікае ў расколіны падлог, сцен і мэблі. Асабліва атрутныя пары ртуці. Трапляючы ў арганізм чалавека праз дыхальныя шляхі, яны выклікаюць атручэнне, якое, дарэчы, працяглы перыяд можа працякаць і зусім без сімптомаў. Паражае шкоднае рэчыва, як правіла, цэнтральную нервовую сістэму і ныркі.

Канцэнтрацыя вадкага металу ў градусніку невялікая, таму справіцца з такой «ртутнай непрыемнасцю» Вы зможаце самастойна. Галоўнае, не панікаваць і дзейнічаць хутка.

Для пачатку выведзіце з памяшкання дзяцей, пажылых людзей і хатніх жывёл. Адкрыйце вокны, але не дапускайце скразняку, інакш ртутныя шарыкі Вам давядзецца лавіць па ўсім пакоі. А некаторыя з іх могуць разляцецца ў пыл і асесці на сценах і мэблі.

Абараніце органы дыхання вільготнай марлевай павязкай. Абавязкова надзеньце гумовыя пальчаткі: рэчыва не павінна трапіць на адкрытыя ўчасткі скуры. Буйныя шарыкі збярыце пэндзлікам у папяровы канверт, маленькія – лейкапластырам, скотчам, мокрай газетай. Апусціце ў банку з вадой і шчыльна зачыніце вечка. Ачышчаную паверхню апрацуйце растворам марганцоўкі або мыльна-содавым растворам. Пасля ўборкі праветрыце памяшканне. Сабраную ртуць аднясіце ў бліжэйшы пункт прыёму, удакладніць яго месцазнаходжанне Вы зможаце па тэлефоне 101.

Такі нескладаны алгарытм дзеянняў пад сілу кожнаму, але, як паказвае практыка, ад памылак не застрахаваны ніхто. Таму важна запомніць не толькі, як сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі, але і чаго рабіць не варта.

НЕ дакранайцеся да ртуці без пальчатак!

НЕ выкарыстоўвайце для збору ртуці пыласос, венік або анучу!

НЕ апрацоўвайце месца разліву мыйнымі або чысцячымі сродкамі!

НЕ выкідвайце ртуць у смеццеправод або каналізацыю!

НЕ пакідайце абутак, які кантактаваў з ртуццю, за межамі зоны разліву!

НЕ мыйце рэчы, якія кантактавалі з ртуццю, у пральнай машыне!

Гэта ўсё, што Вам неабходна ведаць у экстранным выпадку! Будзьце ўважлівыя і асцярожныя! Пазбягайце небяспекі – беражыце сябе!