Любая праца па плячы: у Міёрах школьнікі разам з работнікамі МНС наведалі пажылых грамадзян

У рамках рэспубліканскай акцыі «Моладзь за бяспеку» работнікі раённага аддзела па НС разам з актывістамі раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных правялі шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх – наведванне састарэлых грамадзян.

Мэта візіту – аказанне ім пасільнай дапамогі ў навядзенні парадку на прыдамавой тэрыторыі, уборцы домаўладання.

Удзел у акцыі прынялі школьнікі з Павяцкай сярэдняй школы. Хлопцы з задавальненнем уключыліся ў працу, і з іх дапамогай на прыдамавой тэрыторыі адзінокіх грамадзян стала крыху ўтульней і чысцей.

Аднаму з пажылых людзей спатрэбілася дапамога ва ўборцы прысядзібнага ўчастка. Пенсіянерка паскардзілася, што самастойна яна з такой задачай не справіцца па стане здароўя. Юныя памочнікі пажарных актыўна ў кароткія тэрміны справіліся з гэтай задачай, за што атрымалі словы бясконцай падзякі ад пажылой гаспадыні.

У іншай пенсіянеркі аказалі дапамогу і склалі дровы. І гэтая праца аказалася па плячы юным пажарным.

За час акцыі юныя памочнікі аказалі дапамогу некалькім пенсіянерам. І ў кожным домаўладанні пажылыя грамадзяне былі бясконца ўдзячныя за аказаную дапамогу.