Што рабіць, калі пачаўся пажар?

На жаль, вельмі часта чалавек задумваецца пра бяспеку, калі «чырвоны пеўнік ужо клюнуў». Статыстыка сведчыць, што пагарэльцамі становяцца не толькі сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, аматары выпіць. Простыя жыхары таксама губляюць маёмасць, а часам і жыццё ў агні. Менавіта таму ратавальнікі-пажарныя рэкамендуюць ведаць элементарныя правілы дзеянняў пры пажары.

Невялікі ачаг можна проста патушыць уручную з дапамогай падкоўдры або ручніка з несінтэтычных матэрыялаў: накрыйце полымя, перакрыўшы доступ кіслароду, і агонь пагасне. Можна патушыць невялікае ўзгаранне і з дапамогай вады, аднак вы павінны памятаць пра тое, што ні ў якім разе нельга заліваць вадой прыборы, падключаныя да электрасеткі, і алей, які гарыць.

1. Выклікайце ратавальнікаў па тэлефоне "101" або "112", калі Вы не справіліся з загараннем за 2-3 хвіліны, бо далейшая страта часу прывядзе да яго развіцця.

Назавіце дыспетчару адрас, месца пажару, паведаміце пра наяўнасць у будынку людзей, пагрозы бліжэйшым будынкам.

2. Неадкладна пакіньце кватэру, дом. Па магчымасці шчыльна зачыніце дзверы ў памяшканне, дзе гарыць, - гэта не дасць агню распаўсюдзіцца.

3. Эвакуіруйце жыльцоў, суседзяў. Дапамажыце састарэлым і непаўналетнім.

4. Па магчымасці абясточце дом, адключыце газ, калі Вы жывяце ў прыватным сектары.

5. Сустракайце падраздзяленні МНС, паведаміце, ці засталіся ў будынку людзі, што гарыць, дзе гарыць.

Калі:

  • пакінуць жыллё не ўдалося – выходзьце на балкон, прыцягвайце ўвагу мінакоў;
  • выйсці немагчыма з-за моцнага дыму – пракладзіце дзвярныя шчыліны мокрымі анучамі, лепш па перыметры дзвярэй, - гэта не дасць задымленню і высокай тэмпературы хутка распаўсюдзіцца па Вашай кватэры.

Мокрая анучка, дарэчы, вельмі дзейсны падручны сродак барацьбы з дымам, асабліва калі ёсць час яе знайсці і намочыць. Калі прыкрыць ёю твар (рот і нос), можна досыць свабодна дыхаць нават у дыме, праўда, у не вельмі шчыльным. Гэта можа спатрэбіцца, калі Ваша кватэра ўсё ж будзе задымлена. З дапамогай простай мокрай анучкі Вы цалкам зможаце пратрымацца да прыходу пажарных. У крайнім выпадку, ляжце на падлогу: там, як правіла, ёсць так званая нейтральная зона, дзе дыму практычна няма, паколькі ён падымаецца ў асноўным уверх.

Падчас пажару нельга:

  • панікаваць;
  • карыстацца ліфтам (ён можа спыніцца і ператварыцца ў смяротную пастку);
  • адкрываць вокны (прыток кіслароду дае агню разгарэцца яшчэ больш);
  • вяртацца ў дом (што б каштоўнага Вы ні пакінулі ў жыллі, жыццё – даражэй);
  • бегаць, калі загарэлася адзенне, неабходна накінуць на чалавека, які гарыць, коўдру

 

Інспектар СПіВА Міёрскага РАНС А.М.Гіржда