ГІБЕЛЬ ДЗЕЦЯЎ НА ВОДНЫХ АБ'ЕКТАХ

Яшчэ раз звяртаем увагу на тое, што самае галоўнае, пра што павінны памятаць бацькі, – дзеці не павінны знаходзіцца каля вады без нагляду. Гэта правіла, якога ўсе дарослыя абавязаны няўхільна прытрымлівацца. На жаль, часта на вадзе тонуць малалетнія дзеці, пакінутыя без нагляду дарослых.

17 ліпеня а 14.20 ратавальнікам паведамілі пра пакінутыя на беразе возера рэчы ў вёсцы Каменка Магілёўскага раёна. Аказалася, што маці 8-гадовага хлопчыка ўбачыла сябра свайго дзіцяці мокрым

і занепакоілася тым, дзе яе сын, бо дзеці пастаянна гулялі разам. Суседскае дзіця было напалохана і не змагло нічога расказаць жанчыне. Тады, занепакоеныя маці і дзядуля адправіліся на пошукі хлопчыка да аднаго з мясцовых вадаёмаў, але дзіцяці там не было. Пра знойдзеныя на беразе іншага вадаёма рэчы родным распавёў суседскі хлопчык. Дзядуля кінуўся да вады і стаў ныраць, але спробы знайсці ўнука не мелі поспеху. Мужчына выклікаў ратавальнікаў. Вадалазы дасталі з вады хлопчыка без прыкмет жыцця. Яго перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Пасля правядзення рэанімацыйных дзеянняў медыкі канстатавалі яго гібель. Устаноўлена, што хлопчык разам з сябрам пайшлі да вады самавольна.

Аператыўны дзяжурны міліцыі 22 ліпеня а 11.30 паведаміў лідскім ратавальнікам, што ў садовым таварыстве непадалёк ад вёскі Доржы згубіўся 3-гадовы хлопчык. Работнікі МНС неадкладна накіраваліся на дапамогу ў яго пошуках. Бяда здарылася, калі маці з трыма малалетнімі дзецьмі прыехала на дачу. Пакуль яна займалася гаспадарчымі справамі, дзеці гулялі ў двары. У нейкі момант жанчына выявіла, што аднаго дзіцяці з імі няма, а брамка на вуліцу адчынена. Жанчына кінулася шукаць малога. Не знайшоўшы сына паблізу, яна патэлефанавала ў РАУС. Супрацоўнікі міліцыі абследавалі тэрыторыю садовага таварыства, ратавальнікі ўзнялі ў паветра квадрокоптар. Абследуючы берагавую лінію ракі Дзітва, якая працякае за 15 м ад дачнага ўчастка, на адлегласці каля 2 км ад дачнага дома работнікі Лідскага РАУС каля берага выявілі цела хлопчыка. Ратавальнікі дасталі яго з вады, урачы хуткай дапамогі канстатавалі смерць.

Няшчасны выпадак адбыўся ўдзень 28 ліпеня ў горадзе Слаўгарадзе. У службу 112 паступіў званок ад жыхароў райцэнтра з паведамленнем аб тым, што па вуліцы Стральцова на возеры (капані), якое не было абсталявана і прызначана для купання, патанула дзіця. Супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца здарэння, дасталі з вадаёма цела 8-гадовай дзяўчынкі. Медыкі правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць дзяўчынку не ўдалося, была зафіксавана яе смерць. Як удакладнілі ў Следчым камітэце, без нагляду дарослых кампанія непаўналетніх купалася ў вадаёме. Дом дзяўчынкі, якая патанула, знаходзіўся на суседней вуліцы. Калі дзіця патанула, яе сябры распавялі пра гэта сваім бацькам, якія і выклікалі экстранную службу.

20 жніўня ў Ня­свіжскім раёне ў тэхнічным сажалцы патанула 5-гадовая дзяўчынка. Трагедыя адбылася ў пасёлку Альба. Па папярэдняй інфармацыі, дзяўчынка была ў гасцях у бабулі. Удзень жанчына заўважыла адсутнасць дзіцяці і пачала яго шукаць. Мясцовыя жыхары знайшлі на беразе вадаёма ў пасёлку дзіцячы абутак, а праз некалькі хвілін – малое ў вадзе. Відавочца выцягнуў цела дзяўчынкі з вадаёма. Выратаваць яе не ўдалося.

Небяспеку, асабліва для маленькага дзіцяці, уяўляюць не толькі буйныя вадаёмы, але і дэкаратыўныя сажалкі, нават ёмістасці з вадой. Толькі бацькі, якія ведаюць пра магчымыя небяспекі і ўспрымаюць іх сур'ёзна, якімі б рэдкімі і неверагоднымі яны ні здаваліся, змогуць уберагчы сваё дзіця ад бяды. Знаходзячыся з дзецьмі ля вады, пільнасць нельга губляць ні на хвіліну.

Трагедыя адбылася ўдзень 25 чэрвеня ў прыватным домаўладанні ў Мінскім раёне. У гэты дзень шматдзетная сям'я была занята будаўніцтвам. У нейкі момант паўтарагадовае дзіця выпала з поля зроку дарослых. Бацькі пачалі шукаць малое, як толькі заўважылі яго адсутнасць. Яго цела яны знайшлі ў абсталяваным лесвіцай каркасным басейне. Мяркуецца, што дзіця магло забрацца па лесвіцы. Медыцынскія работнікі, якія прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць дзяўчынкі.

Важна! Не выпускайце з-пад увагі дзяцей, якія гуляюць каля вадаёмаў. Лепш за ўсё, калі дзіця будзе гуляць на вадзе з дарослымі. Толькі так можна цалкам быць упэўненымі ў яго бяспецы. Калі вы не ўдзельнічаеце ў гульнях, сачыце, каб дзіця было ў межах вашай бачнасці.

Паважаныя бацькі! Лета – цудоўны час для адпачынку, пазітыўных эмоцый, яркіх уражанняў. Але гэта яшчэ і самы траўманебяспечны перыяд для дзяцей. Таму зрабіце ўсё, каб уберагчы свайго дзіця ад непрыемнасцей. Паспрабуйце максімальна абяспечыць бяспеку вашага адпачынку, будзьце побач са сваімі дзецьмі і беражыце іх!

ГІБЕЛЬ ДЗЕЦЯЎ НА ВОДНЫХ АБ'ЕКТАХ | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт