Кожны бацька павінен ведаць – нельга дзяцей адных пакідаць

«Не пакідайце дзяцей адных» — такую назву мае рэспубліканская акцыя МНС і з такім жа заклікам звярнуліся ратавальнікі Міёршчыны да бацькоў раённага цэнтра пры правядзенні мерапрыемстваў у рамках акцыі.

Пакідаць дзяцей без нагляду вельмі небяспечна. Дзеці з-за малога досведу і прыроднай дапытлівасці часам здзяйсняюць неабдуманыя і небяспечныя ўчынкі. Жаданне паспрабаваць нешта новае і невядомае прыводзіць хлопчыкаў і дзяўчынак да небяспечных гульняў і заняткаў. Таму работнікі МНС звярнуліся да дарослых, каб яны не толькі не пакідалі дзяцей адных, але і навучалі іх з дзяцінства правілам бяспечных паводзін.

Інтэрактыўныя пляцоўкі ад ратавальнікаў — добрая магчымасць нагадаць аб выкананні правілаў бяспекі і бацькам, і дзецям, дзе яны сумеснымі намаганнямі маглі выканаць нескладаныя заданні і атрымаць за гэта і падарунак.

А заданні падабраны вельмі карысныя. Дзякуючы метадычным распрацоўкам ратавальнікам удалося нагадаць аб правілах тушэння першапачатковага пажару, эвакуацыі з задымленага памяшкання, нумарах выкліку падраздзяленняў і шмат аб чым іншым. З задавальненнем прымалі ўдзел у конкурсах не толькі дзеці, якім заўсёды цікава паўдзельнічаць у якіх-небудзь конкурсах, але і дарослыя. Кожны наведвальнік, які падыходзіў да пляцоўкі МНС, сыходзіў не толькі з пакупкамі, але і карысным падарункам і ведамі аб бяспечных паводзінах.