На кантролі - бяспека грамадзян
У рамках прафілактычнай акцыі, якая праходзіла з 26 лютага па 1 сакавіка, работнікі МНС Міёршчыны як індывідуальна, так і сумесна з суб'ектамі прафілактыкі абследавалі домаўладанні катэгарызаваных грамадзян. У цэнтры асаблівай увагі – бяспека домаўладанняў і грамадзян, якія пражываюць у ім. Сярод ахопленых прафілактычнай працай катэгорый грамадзян – інваліды, састарэлыя адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне.
Ні для каго не сакрэт, што печ – адна з асноўных крыніц пажараў у зімовы час. Звязана гэта, вядома ж, з тым, што менавіта ў зімовы перыяд людзі інтэнсіўна эксплуатуюць ацяпляльныя прыборы дзеля выратавальнай тэмпературы ўнутры памяшканняў. І часта прыборы, якімі карыстаюцца нашы грамадзяне, мякка кажучы, не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. У сувязі з гэтым завострана ўвага на бяспечнай эксплуатацыі печанай ацяплення ўнутры дамоў, у лазнях і гаспадарчых пабудовах: стан комінаў, у тым ліку ў цяжкадаступных месцах (дахах, мансардных паверхах), наяўнасць асноўных элементаў печы, выкананне патрабаванняў бяспекі ў працэсе топкі і іншае. Усе наведзеныя грамадзяне праінструктаваны аб выкананні правілаў бяспекі ў працэсе эксплуатацыі печаў.
Аўтаномны пажарны апавяшчальнік выратуе жыццё ў выпадку з'яўлення задымлення ў памяшканнях. Галоўнымі ўмовамі гэтага з'яўляюцца наяўнасць апавяшчальнікаў у жылых пакоях і іх спраўнасць. Гэтым пытанням ратавальнікі таксама ўдзялілі ўвагу і правялі інструктажы з жыхарамі.
Скончылася акцыя маштабным мерапрыемствам на гарадской плошчы, з задзейнічаннем пажарнай тэхнікі. Ахвотныя мелі магчымасць ненадоўга стаць пажарным, паўдзельнічаць у конкурсах і выйграць карысныя падарункі для сябе і сваіх родных. Але самым галоўным падарункам сталі веды аб бяспецы, якія пры іх безумоўным выкананні, дапамогуць зберагчы самае дарагое, што ёсць у чалавека – яго жыццё.