Сумясціць пакупкі з карыснай інфармацыяй
Далёка не сакрэт, што захаванне правілаў бяспечных паводзін дапаможа захаваць жыццё, здароўе і маёмасць. Пра гэта ведаюць усе, а вось прытрымліваюцца не заўсёды. Чаму так важна прытрымлівацца правілаў бяспечных паводзін і па якіх прычынах можа здарыцца пажар – пра гэта і не толькі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у Міёрскім раёне пагутарылі з наведвальнікамі гандлёвых кропак у рамках акцыі «Бяспека ў кожны дом».
Як дарослым, так і дзецям, якія зайшлі за пакупкамі, інфармацыя МНС надзвычай важная. Як не дапусціць пажару і як з яго выбрацца жывым і цэлым, калі ўсё ж ён адбыўся – трэба не толькі ведаць, але і прымяняць у жыцці.
А прычын пажараў дастаткова. У век тэхналогій у кожным доме крыніц поўна. І электрычныя прыборы, якімі наш дом літаральна напіханы, і пячное ацяпленне, якое часцей сустракаецца ў сельскай мясцовасці, і запалкі ў няўмелых дзіцячых ручках, і непатушаны недакурак у руках п'янага чалавека. А небяспеку трэба ўмець прадбачыць, каб яе прадухіліць. Забраць з рук маленькага дзіцяці запалкі, якія зусім не дзіцячыя цацкі, адключыць электрычны прыбор пасля выкарыстання з сеткі – бяспека ў нашых дамах у нашых жа руках. Важна толькі прытрымлівацца правілаў, не грэбуючы імі дзеля часовай асалоды ці жадання пахваліцца перад сябрамі.