«Мабільны памочнік» - дапамога побач
«Пяць крокаў да выратавання» – прынцып, паводле якога арганізавана праца дадатку.
У раздзеле «Што рабіць?» сабрана больш за 50 магчымых небяспечных сітуацый (ліўневы дождж, навальніца, паводка, снегапад, пажар і інш.) і дадзены рэкамендацыі МНС, як трэба сябе паводзіць і дзейнічаць.
У дадатак убудавана інтэрактыўная карта, на якой можна адсачыць змены надвор'я, а таксама праграма апавяшчэння аб неспрыяльных і небяспечных з'явах ад Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Яшчэ адной немалаважнай функцыяй стала кнопка званка ў МНС «112». Людзі ў крытычнай сітуацыі забываюць нумары тэлефонаў экстранных службаў. Званок можна ажыццявіць з розных старонак дадатку або прама з раздзела «Што рабіць?». Ратавальнікі рэалізавалі варыятыўнасць званкоў – дадалі магчымасць не толькі злучэння з МНС, але і адпраўкі смс або званкоў на зададзены нумар – напрыклад, лекару ці родным. Гэта дазволіць звязацца ў экстранных выпадках з патрэбным чалавекам, што асабліва важна для людзей з рознымі захворваннямі. Налады нумара, а таксама магчымасць змяніць тэкст паведамлення рэалізаваны ў карыстальніцкіх наладах.
Раздзел «Правер сябе» дазваляе з дапамогай прадстаўленых тэстаў праверыць уласныя веды, параўнаць свае адказы з вынікамі іншых карыстальнікаў. Дапоўніць прабелы ў ведах можна ў раздзеле «Энцыклапедыя», дзе сабрана шмат патрэбных і карысных артыкулаў.
Таксама ў дадатку з'явіўся раздзел "Першая дапамога", які мае аўдыёпадказкі дзеянняў па аказанні першай дапамогі. Раздзел створаны пры падтрымцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Праграма па навучанні навыкам аказання першай дапамогі, якая ўзята за аснову раздзела, акрэдытавана Еўрапейскім даведачным цэнтрам па навучанні першай дапамозе Міжнароднай Федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца МФТКК (Глабальны метадычны цэнтр па навучанні першай дапамозе МФТКК).
Дадатак «МНС Беларусі. Дапамога побач» дазваляе кожнаму ўладальніку смартфона або планшэта быць у курсе неспрыяльных прагнозаў надвор'я і мець пад рукой інфармацыю, як дзейнічаць у любой надзвычайнай сітуацыі. Каб спампаваць дадатак, дастаткова проста ўвесці ў пошуку GooglePlayMarket – «МНС» і наш дадатак будзе першым у спісе.
Інспектар СПіВА Міёрскага РАНС