Электрычнасць – сябар ці вораг?
У сваім паўсядзённым жыцці мы пастаянна сутыкаемся з электрычнымі прыборамі. Ужо немагчыма сабе ўявіць дом, у якім не было б тэлевізара, мабільнага тэлефона ці камп'ютара. Аднак няўмелае карыстанне электрапрыборамі можа прывесці да пажару.
Пажары могуць узнікнуць у выпадку, калі электраправодка няспраўная або калі гаспадары парушаюць пэўныя правілы эксплуатацыі электрычнасці. Так, пры ўключэнні ў сетку вялікай колькасці прыбораў адбываецца перагрэў правадоў, што можа прывесці да ўзгарання ізаляцыі. Моцны нагрэў правадоў адбываецца таксама пры дрэнным кантакце, у месцах злучэння правадоў паміж сабой і далучэннях іх да токаздымнікаў.
Пажарную небяспеку ўяўляюць таксама асвятляльныя лямпы напальвання. Яна заключаецца ў моцным нагрэве паверхні шкляной колбы, тэмпература якой можа дасягнуць +550 гр.С. Калі электрычны свяцільнік абгарнуць баваўнянай тканінай і ўключыць у сетку, то праз 15 хвілін можа адбыцца загаранне. Таму забараняецца абгортваць або накрываць электрычныя свяцільнікі тканінай або паперай, а таксама вырабляць з іх самаробныя абажуры. Небяспека лямпаў напальвання заключаецца яшчэ і ў тым, што пры траплянні паветра ў колбу лямпы адбываецца перагаранне ніткі напальвання.
Усе электраспажыўцы павінны быць абаронены ад кароткага замыкання і перагрузкі. Такі функцыю выконваюць засцерагальнікі і аўтаматычныя выключальнікі, якія разлічаны на пэўную сілу току. Але яшчэ нямала выпадкаў, калі замест плаўкіх уставак заводскага вырабу выкарыстоўваюцца самаробныя (пучкі правалокі, наматаныя на корак, званыя звычайна «жучкамі»), сячэнне якіх бывае ў некалькі разоў больш за патрабаванае. І ў гэтым выпадку, адпаведна, засцерагальнік перастае выконваць свае функцыі.
Неабходна памятаць, што правады нельга завязвць у вузлы, злучаць іх скруткай, заклейваць шпалерамі, прапускаць праз сцены і перагародкі без дадатковай ізаляцыі. Каб не дапускаць пашкоджання ізаляцыі правадоў, не дазваляецца зафарбоўваць і беліць шнуры і правады, прыбіваць іх цвікамі, замацоўваць іх за ацяпляльныя сістэмы, выкарыстоўваць у якасці правадніка току тэлефонныя або радыёправады. Электранагравальныя і іншыя прыборы павінны ўключацца ў сетку толькі з дапамогай вілак праз штэпсельныя злучэнні. Неабходна сачыць за тым, каб выключальнікі і разеткі заўсёды знаходзіліся ў спраўным стане.
Інспектар ГП і ВА Міёрскага РАНС