Тонкі лёд
З наступленнем нізкіх тэмператур на большасці вадаёмаў Беларусі фарміруецца лёд таўшчынёй да 3-5 см. Аднак, на лёд таўшчынёй менш за 7 см, выходзіць катэгарычна нельга, гэта небяспечна. Зараз на тэрыторыі рэспублікі назіраецца ваганне тэмпературнага фону і яго перапады.
Будзь у курсе:
- калі тэмпература паветра вышэй за 0 градусаў трымаецца больш за тры дні, то трываласць лёду зніжаецца на 25%;
- лёд лічыцца нятрывалым каля вусця рэк і прытокаў, паблізу крыніц, што б'юць, і сцёкавых вод, ля дрэў, кустоў і трыснягу;
- трываласць лёду можна вызначыць візуальна: лёд блакітнага колеру - трывалы, белага - трываласць у 2 разы меншая, матава-белы або з жаўтаватым адценнем – ненадзейны, брудны, бура-шэры лёд звычайна ўжо падтаялы і зусім нятрывалы;
- чалавеку дастаткова правесці 15 хвілін у халоднай вадзе, і ўсё можа скончыцца самым сумным чынам, пры тэмпературы ад мінус 2 градусаў да нуля смяротны зыход можа наступіць і пасля дзесяці хвілін.
Патэнцыйныя ахвяры лёду - аматары падлёднай рыбалкі, а таксама дзеці. Бацькам абавязкова неабходна пагаварыць з дзецьмі аб небяспецы гульняў на лёдзе, навучыць іх, як дзейнічаць. А самы бяспечны варыянт, калі яны наогул не будуць выходзіць на лёд, ні пад наглядам дарослых, ні тым больш адны.
Аматарам зімовай рыбалкі неабходна правільна экіпіравацца - апранайце выратавальную камізэльку, і бярыце з сабой хаця б мінімальны набор выратавальных сродкаў: вяроўку, палку, дошку, "коткі". Выключыце выпадкі знаходжання на лёдзе ў дрэннае надвор'е: туман, снегапад, дождж, а таксама ўночы. Не выходзьце на лёд у адзіноце, але на асобных участках лёду не збірайцеся групамі. Пры пераходзе вадаёма групай неабходна выконваць адлегласць адзін ад аднаго не менш за пяць метраў. Не рэкамендуецца рабіць лункі бліжэй чым 5-6 метраў адна ад адной.
Перш чым выйсці на лёд, пераканайцеся ў яго трываласці, выкарыстоўвайце пратаптаныя сцежкі па лёдзе. Пры іх адсутнасці, стоячы на беразе, намяцеце маршрут руху, вазьміце з сабой трывалую доўгую палку, абыходзьце падазроныя месцы. У выпадку з'яўлення тыповых прыкмет нятрываласці лёду: трэск, прагінанне, вада на паверхні лёду — неадкладна вярніцеся на бераг. Ідзіце шырока расстаўленымі нагамі, не адрываючы іх ад паверхні лёду, у крайнім выпадку — поўзіце. Ніколі не правярайце трываласць лёду ўдарам нагі.
Калі вы праваліліся пад лёд, клічце на дапамогу, выбірайцеся з таго боку, дзе лёд найбольш трывалы, пры гэтым наползайце на лёд грудзьмі, шырока раскінуўшы рукі, каб павялічыць плошчу апоры і паменшыць ціск на кромку лёду.
Калі вы ўбачылі чалавека, які праваліўся пад лёд (у палонку), крыкніце, што ідзяце яму на дапамогу, гэта надасць яму сілы. Па магчымасці, чым хутчэй, паведаміце пра здарэнне ратавальнікам па тэлефоне 101 або 112, а чакаючы прыезду прафесіяналаў, паспрабуйце аказаць дапамогу тапельцу, выкарыстоўваючы падручныя сродкі, але не падыходзьце да палонкі бліжэй 3-4 метраў.