Пра залатарнік канадскі
Адным з найбольш небяспечных інвазіўных відаў раслін з'яўляецца залатарнік канадскі. Ён завезены ў Беларусь у першую чаргу з мэтай дэкаратыўнага азелянення, а таксама вырошчвання кармоў для жывёлы.
Небяспека распаўсюджвання залатарніка канадскага заключаецца ў тым, што ён цалкам змяняе навакольную флору і фаўну. У расліны няма натуральных ворагаў з ліку раслін і насякомых. Кожны куст залатарніка дае да ста тысяч насення з вельмі высокай усходжасцю. Насенне яго вельмі хутка разносiцца ветрам, і гэта прыводзіць да з'яўлення новых ачагоў прарастання. Картовішчы вылучаюць у глебу рэчывы, якія падаўляюць рост іншых раслін, што прыводзіць да поўнага выцяснення з прыродных экасістэм аўтахтонных раслін.
Часцей за ўсё залатарнік канадскі можна сустрэць на могілках, прысядзібных участках, клумбах і кветніках на землях агульнага карыстання населеных пунктаў, адкуль ён актыўна пранікае ў лясы, лугі, паша, пустэчы і іншыя землі. У лугавых і поймавых экасістэмах залатарнік змяняе склад і структуру сенажатных угоддзяў, значна пагаршаецца якасць нарыхтоўваемых кармоў. У поймавых лугавых супольнасцях залатарнік нясе пагрозу папуляцыям рэдкіх і знікаючых відаў раслін. На сельскагаспадарчых угоддзях залатарнік парушае структуру пасеву, зніжаючы ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур.
Услед за гэтым знікае большасць лугавых насякомых, птушак, дробных млекакормячых. Такім чынам, займаючы любы ўчастак, залатарнік цалкам змяняе яго жывёльны і раслінны свет.
Для таго, каб спыніць распаўсюджванне залатарніка канадскага, Міёрская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя просіць адмовіцца ад выкарыстання расліны ў азеляненні і ўпрыгожванні прыдамавых тэрыторый, на клумбах, могілках, у садаводчых таварыствах і іншых тэрыторыях.
Залатарнік канадскі трэба абавязкова скашваць да цвіцення і паспявання насення, па меры адрастання расліны да 15-20 см не менш за два разы за сезон, пачынаючы з вясны да пачатку цвіцення раслін. Больш эфектыўнымі метадамі барацьбы з'яўляецца хімічная апрацоўка, выкапыванне альбо перапашка.
Карыстальнікі зямельных участкаў абавязаны прымаць меры па барацьбе з інвазіўнымі раслінамі (пункт 10 часткі першай артыкула 9 Закона ”Аб раслінным свеце“). Парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове і выкарыстанні расліннага свету цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць.
ВАЖНА:
з 19 чэрвеня 2026 г. невыкананне карыстальнікамі зямельных участкаў або водных аб’ектаў устаноўленай заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні расліннага свету абавязкі, звязанай з ажыццяўленнем работ па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці відаў раслін, распаўсюджванне і колькасць якіх падлягаюць рэгуляванню, – цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічынь.