Пра гнёзды птушак
Міёрская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што з 16 лютага і па 14 жніўня забараняецца разбурэнне гнёздаў птушак. Парушэнне забароны цягне адказнасць, прадугледжаную Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і іншымі актамі заканадаўства.
Так, згодна з артыкулам 16.23. Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае разбурэнне гнёздаў птушак прадугледжана накладанне штрафных санкцый:
на фізічную асобу ў памеры да трыццаці базавых велічынь;
на індывідуальнага прадпрымальніка – ад дзесяці да ста базавых велічынь;
на юрыдычную асобу – ад дваццаці да пяцісот базавых велічынь.
У адпаведнасці з артыкулам 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце», у перыяд з 15 жніўня па 15 лютага дазваляецца рэгуляваць распаўсюджванне і колькасць птушак, якія наносяць шкоду кампанентам прыроднага асяроддзя, а таксама пагаршаюць санітарны і эстэтычны стан населеных пунктаў, жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых пабудоў і збудаванняў альбо наносяць неспакой жыхарам населеных пунктаў, шляхам разбурэння іх гнёздаў, размешчаных на насаджэннях у населеных пунктах, жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых пабудоў і збудаванняў.