Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў
Пачынаючы з 2 лютага 1997 года ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. Менавіта 2 лютага 1971 года ў іранскім горадзе Рамсар была падпісана "Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях". Па назве горада падпісання канвенцыю часцей называюць "Рамсарскай".
Галоўная мэта — гэта абарона водна-балотных угоддзяў, якія маюць міжнароднае значэнне (у першую чаргу ў якасці месцаў пражывання вадаплаўных птушак). Водна-балотныя ўгоддзі важныя для ўсёй экасістэмы планеты. Яны збіраюць і захоўваюць дажджавую ваду, сілкуюць падземныя гарызонты, падтрымліваюць водны баланс, процідзейнічаючы засухам і паводкам, а таксама паляпшаюць якасць вады, фільтруючы яе ад забруджвальнікаў. Важныя яны і для захавання біяразнастайнасці. 30% усіх вядомых відаў рыб пражываюць у балотах і рэках.
Галоўнай умовай далучэння да Рамсарскай канвенцыі з'яўляецца стварэнне "Рамсарскага ўгоддзя" на тэрыторыі краіны, і ў цяперашні час удзельнікамі канвенцыі з'яўляюцца ўжо 170 дзяржаў. Рэспубліка Беларусь далучылася да канвенцыі ў верасні 1999 года і першай тэрыторыяй, унесенай у спіс, стаў заказнік "Спораўскі".
У Міёрскім раёне ў Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння ў 2002 годзе ўключаны рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня". Акрамя гэтага, Ельня прызнана ключавой батанічнай тэрыторыяй і важным месцам для пражывання і міграцыі птушак.