Адзіны дзень добраўпарадкавання і азелянення
У гэтую суботу, 28 кастрычніка, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правядзе ў Беларусі адзіны дзень азелянення – мерапрыемствы па пасадцы дрэвава-хмызняковай расліннасці пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Традыцыйна Мінпрыроды вясной і восенню ініцыюе акцыі па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў. І гэты год не стаў выключэннем: у рамках Года міру і стваральнай працы ведамствам абвешчана экалагічная кампанія «Мірная стваральная праца на карысць чыстай і зялёнай краіны!».
У ходзе адзінага дня азелянення плануецца высадзіць больш за 60 тыс. саджанцаў дрэвава-хмызняковай расліннасці: ліп, клёнаў, дубоў, рабін, грабаў, соснаў, вярбы, арэхаў, каштанаў, ясеняў, бэзу, спірэі, туй, форзіцый і іншых. Сумесна з супрацоўнікамі сістэмы Мінпрыроды выйдуць на суботнік каля 5 тыс. чалавек – прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў адукацыі і грамадскасці.
У вяснова-летні перыяд бягучага года ў населеных пунктах праведзена пасадка больш за 420 тыс. дрэў і хмызнякоў і амаль 19 млн. кветак, а таксама больш за 8,5 тыс. саджанцаў на тэрыторыі ўздоўж аўтамабільных дарог.
Пасадка дрэў і хмызнякоў працягваецца восенню: з улікам неспрыяльных для азелянення ўмоў надвор'я верасня старт яму быў дадзены ў пачатку кастрычніка. На сённяшні дзень у населеных пунктах рэспублікі высаджана больш за 65 тыс. дрэў і хмызнякоў.
Дзякуючы актыўнаму ўдзелу грамадзян у гарадах і пасёлках, аграгарадках і вёсках Беларусі плошча азелянёных тэрыторый няўхільна расце. Патрабаваны ўзровень азелянёнасці ў 40% дасягнуты ў 129 гарадах і раённых цэнтрах краіны (97,7% ад іх агульнай колькасці).
Мінпрыроды запрашае кожнага жыхара і госця Беларусі прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах адзінага дня азелянення і тым самым унесці свой уклад у агульную вялікую справу – захаванне прыроды роднага краю. Разам мы зробім нашу Радзіму яшчэ прыгажэйшай!
З сайта Мінпрыроды