Лукашенко предложил Амурской области взаимодействие при реализации крупных инфраструктурных проектов

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Амурскай вобласці Расіі Васілём Арловым 23 ліпеня прапанаваў варыянты ўзаемадзеяння пры рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прывітаўшы кіраўніка расійскага рэгіёна ў Мінску, кіраўнік дзяржавы адзначыў гістарычную агульнасць і ўзаемасувязі з Амурскай вобласцю. "Нас раздзяляюць тысячы кіламетраў. Але нашы лёсы цесна пераплецены сумеснай гісторыяй, самаадданай працай, асабліва па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі, рэалізацыяй грандыёзных прамысловых, транспартных і энергетычных праектаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што менавіта ў гэтым рэгіёне знаходзіцца "сталіца" БАМа, паўвекавы юбілей якога адзначаўся 8 ліпеня. "Гэта адзін з самых маштабных праектаў у гісторыі чалавецтва, і 60 тыс. беларусаў удзельнічалі ў будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Цяпер у Амурскай вобласці таксама рэалізуюцца маштабныя інфраструктурныя праекты, і некаторыя з іх згадаў Прэзідэнт: пабудаваны касмадром Усходні, узводзяцца газахімічныя гіганты - Амурскі газахімічны комплекс і Амурскі газаперапрацоўчы завод, комплекс звадкаванага прыроднага газу. Напрыклад, адзін з такіх буйных праектаў рэалізуецца ў Благавешчанску, які апошнім часам актыўна развіваецца. Будаўнічая пляцоўка "Далёкаўсходняга квартала" прадугледжвае ўзвядзенне ў горадзе каля 334 тыс. кв.м жылля.

"Значыць, праца, магчыма, і беларускіх будаўнікоў дзесьці будзе запатрабавана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Планіруемы рэгіёнам рост здабычы карысных выкапняў дазваляе разлічваць на працяг паставак кар'ерных самазвалаў БЕЛАЗ, адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў варыянт супрацоўніцтва ў галіне абсталявання электразараджальнай інфраструктуры. Цяпер Амурская вобласць экспартуе электраэнергію.

"Інтэнсіўнае развіццё электратранспарту ў суседнім Кітаі неўзабаве перакінецца праз Амур і запатрабуе больш дынамічнага развіцця спецыяльнай электразарадной інфраструктуры, складнікі элементы якой у нас вырабляюцца і больш за пяць гадоў паспяхова эксплуатуюцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што тычыцца аграпрамысловага комплексу, тут Прэзідэнт адзначыў цікавасць беларускіх вучоных-аграрыяў да праектаў Амурскай вобласці па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай і тэхналагічнай базы раслінаводства, жывёлагадоўлі, селекцыі сельскагаспадарчых культур, перапрацоўчай прамысловасці. "Кампетэнцыі ў Беларусі сур'ёзныя ў гэтым плане", - падкрэсліў ён.

"Прыродны патэнцыял вобласці дазваляе значна дыверсіфікаваць наменклатуру сельгаспрадукцыі, якая вырошчваецца. І ў гэтым мы гатовыя вас падтрымаць. Акрамя таго, у дапамогу будуць і машыны сельскагаспадарчага прызначэння, уключаючы трактарную тэхніку, збожжаўборачныя і кармаўборачныя камбайны, навеснае абсталяванне да іх, абсталяванне для жывёлагадоўчых і малочна-таварных комплексаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама абазначыў магчымасці Беларусі па нарошчванні экспарту ў Амурскую вобласць усёй запатрабаванай прадукцыі харчавання, у тым ліку сокаў і дзіцячага харчавання, іншых неабходных тавараў.

"Пры гэтым магчыма стварэнне ў вобласці беларускага гандлёвага дома для наладжвання і арганізацыі прамых паставак нашых прадуктаў харчавання ў рэгіён для патрэб устаноў сацыяльнай сферы, а таксама рознічнага гандлю", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што агучыў далёка не поўны пералік напрамкаў, па якіх ужо створаны пэўны задзел.

"Але мы адкрыты для далейшага супрацоўніцтва па самым шырокім спектры тавараў і паслуг, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Вашы пажаданні будуць абавязкова ўспрыняты як сігнал да дзеяння". Прэзідэнт падкрэсліў гатоўнасць Беларусі аказаць усялякую дапамогу і падтрымку гэтаму расійскаму рэгіёну, далёкаму для беларусаў толькі геаграфічна, але абсалютна не чужому.

У сваю чаргу Васіль Орлаў адзначыў, што паміж бакамі расце гандлёвы абарот. "Але лічым, што ёсць яшчэ куды расці. У нас ёсць некалькі прапаноў, пазнаёміліся ўжо з вашай камандай, вельмі эфектыўна папрацавалі", - адзначыў губернатар.

У Амурскай вобласці запатрабавана тэхніка беларускай вытворчасці, як сельскагаспадарчая, так і прамысловая. "У нас, напрыклад, у сельскай гаспадарцы 40% трактароў беларускай вытворчасці і 25% камбайнаў таксама. Лічым мэтазгодным прапанаваць нашым беларускім сябрам стварыць мультыбрэндавы цэнтр такой тэхнікі на тэрыторыі Амурскай вобласці. Ён мог бы ахапіць і суседнія рэгіёны", - заявіў Васіль Орлаў.

Акрамя таго, гэты расійскі рэгіён зацікаўлены ў супрацоўніцтве па лініі АПК, глыбокай перапрацоўцы прадукцыі. Па словах губернатара, ёсць таксама добрыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ў здабываючай прамысловасці, дрэваапрацоўцы.

"Мы адкрыты таксама для сумесных прадпрыемстваў. Гатовы ўсе неабходныя меры падтрымкі з боку рэгіёну прадаставіць. У нас таксама дзейнічае ў рамках расійскага заканадаўства тэрыторыяіперадавога развіцця, дзе прадугледжаны льготы для інвестараў. І на фінальнай стадыі ва ўрадзе Расіі знаходзіцца дакумент аб стварэнні міжнародных тэрыторый перадавога развіцця", - запрасіў Васіль Орлаў.

Ужо адна магчымасць для супрацоўніцтва заключаецца ў транспартна-лагістычнай сферы, улічваючы працяглую мяжу Амурскай вобласці з Кітаем. "У нас назапашаны каласальны вопыт працы з Кітаем. Некалькі транспартна-лагістычных маршрутаў выбудавана. У прыватнасці, мы прасоўваем праект "Амурскі калідор". Запрашаем таксама беларускіх партнёраў, інвестараў", - сказаў губернатар.
Ён пацвердзіў, што зараз у Амурскай вобласці інтэнсіўна развіваецца газавы кластар, які складаецца з двух буйных праектаў - газаперапрацоўчага завода і газахімічнага комплексу, - рэалізацыяй якіх займаюцца кампаніі "Газпрам" і СІБУР. "На базе гэтых двух прадпрыемстваў плануецца будаўніцтва індустрыяльнага парка, у які мы таксама запрашаем беларускіх інвестараў", - заявіў кіраўнік рэгіёна.

Яшчэ адна тэма, якая абмяркоўвалася на сустрэчы, - культурныя абмены. У першую чаргу прадугледжваецца зрабіць акцэнт на абмене дзіцячымі дэлегацыямі, захаванні агульнай гістарычнай памяці.

"У нас завершана другая чарга будаўніцтва касмадрома Усходні. І ў гэтым годзе была запушчана ракета цяжкага класа - "Ангара". Акрамя таго, наша геаграфічнае становішча дазваляе дзецям за адну паездку наведаць адразу дзве дзяржавы - і Расію, і Кітай. Мы гэта з Прэзідэнтам абмяркоўвалі. Аляксандр Рыгоравіч гэта падтрымаў", - распавёў Васіль Арлоў падрабязнасці сустрэчы.
Па яго словах, беларускія спецыялісты таксама ўдзельнічалі ў будаўніцтве касмадрома, і патэнцыйна ёсць магчымасць для больш актыўнага супрацоўніцтва ў гэтым плане. "Працавалі некалькі студэнцкіх атрадаў. Касмадром - гэта праект, які будзе працягвацца яшчэ шмат гадоў. Там сёння завершана толькі другая чарга. У перспектыве яшчэ некалькі чэргаў. Яны ў тым ліку будуць прадугледжваць будаўніцтва стартавага стала для ракеты суперцяжкага класа і для пілатуемых пускаў. Таму я ўпэўнены, што ўсе дамоўленасці, якія былі паміж прэзідэнтамі, маюць шанец быць рэалізаванымі ў поўным аб'ёме", - заявіў губернатар.

belta.by

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт