Лукашенко рассказал, каких результатов ждет от "Атланта"

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе вывесці паказчыкі завода "Атлант" на дастойны ўзровень. Адпаведную задачу кіраўнік дзяржавы паставіў перад новым кіраўніком прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасаду генеральнага дырэктара "Атланта" Прэзідэнтам быў узгоднены намеснік міністра прамысловасці Дзмітрый Харытончык.

"На "Атланце" справы неважныя, так я разумею?" - спытаў у яго Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Дзмітрый Харытончык, сёння на фоне ўздыму ў 2021-2022 гадах ёсць пэўны спад, што абумоўлена змяненнем каньюнктуры на рынках.

"Вы мне, Дзмітрый, шчыра скажыце, вы самі вырашылі туды ісці ці вас проста выпіхваюць на гэту пасаду?" - удакладніў Прэзідэнт.
 
"Ні ў якім разе. Я пачынаў з завода (больш за 12 гадоў адпрацаваў на БЕЛАЗе ў свой час), таму гэта абсалютна усвядомлены выбар", - заявіў Дзмітрый Харытончык.
 
"Я буду толькі рады, таму што я, калі прыязджаю сюды, выязджаю адсюль, гляджу на "Атлант", і разумею, што там праблемы ёсць. І людзі незадаволеныя некаторыя. Таму нам трэба гэта прадпрыемства зрабіць сапраўдным прадпрыемствам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Бо нядрэнныя ж халадзільнікі, пральныя машыны нядрэнныя. Трэба гэта раскруціць, каб гэта прадавалася і куплялі нашы людзі".
 
Па словах Дзмітрыя Харытончыка, да тэхнікі "Атланта" сапраўды практычна няма ніякіх нараканняў. "Вядома, трэба сур'ёзна папрацаваць і над зніжэннем цаны, над сабекоштам. Ва ўмовах канкурэнцыі без гэтага проста немагчыма", - дадаў ён.
 
Дзмітрый Харытончык пасля прыняцця кадравых рашэнняў у Прэзідэнта ў інтэрв'ю журналістам выказаў сваю ацэнку становішча спраў на прадпрыемстве: "На сённяшні дзень насамрэч сітуацыя пакуль застаецца дастаткова праблемнай, складанай па рэалізацыі. Звязана гэта ў першую чаргу з тым, што пасля двух гадоў росту аб'ёмаў вытворчасці і экспарту ў мінулым годзе мы ўсе адзначалі вельмі агрэсіўны ўваход (шмат новых брэндаў, а таксама больш таннай тэхнікі) з усходніх краін на наш сумесны рынак з Расійскай Федэрацыяй. Вядома ж, гэта не магло не адбіцца на аб'ёмах рэалізацыі".
 
Па словах новага гендырэктара, прадпрыемствам у гэтых умовах прыняты пэўныя меры. Гэта, напрыклад, вывад на рынак запатрабаваных на сённяшні дзень відаў прадукцыі. У першую чаргу гэта халадзільнікі і маразільнікі з сістэмай No Frost. Таксама неабходна сур'ёзна папрацаваць над павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці пральных машын, паколькі дадзеная тэхніка "Атланта" ў цяперашні час карыстаецца попытам.
 
"Самае асноўнае ў гэтай сітуацыі - працягнуць сур'ёзную працу па зніжэнні затрат на вытворчасці. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі без гэтага проста немагчыма. У першую чаргу глядзець на ўдасканаленне канструкцыі, тэхналагічных працесаў. Трэба прапанаваць прадукт, які сапраўды патрэбны пакупніку і які будзе канкурэнтаздольны", - падкрэсліў Дзмітрый Харытончык.

Крыніца: belta.by