Лукашенко назвал главные задачи развития сотрудничества в Союзном государстве

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абазначыў галоўныя задачы і напрамкі ў развіцці супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве як у бягучым перыядзе, так і на перспектыву. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбургу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што па выніках 2023 года бакі абновяць гістарычны максімум гандлю таварамі і паслугамі. "Уладзімір Уладзіміравіч за 10 месяцаў называў лічбу - больш за $40 млрд, але калі ўзяць цэлы год (тавары і паслугі) - прыкладна будзе $54 млрд. Гэта сапраўды гістарычны максімум. Дасягненне высокіх паказчыкаў - у значнай ступені вынік выканання мерапрыемстваў 28 саюзных праграм, у межах якіх прыняты прынцыповыя рашэнні. Але нам яшчэ трэба распрацаваць агульныя крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці іх рэалізацыі", - адзначыў Прэзідэнт.

Ключавымі на сённяшнім пасяджэнні ВДС з'яўляюцца даклады урадаў аб выкананні асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады. У парадку дня – і зацвярджэнне новага праграмнага дакумента на чарговы трохгадовы цыкл – на 2024-2026 гады. Ён прадугледжвае працяг работы па ўмацаванні адзінай эканамічнай прасторы і зняцці астатніх перашкод у гандлі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, важна ўзмацніць міжнароднае пазіцыянаванне саюза, як гэта робіцца ў ЕАЭС.

У якасці галоўнай задачы ў прамысловай сферы Прэзідэнт абазначыў актывізацыю супрацоўніцтва ў сферы імпартанамяшчэння. Пры гэтым ужо зроблена нямала. "Тут вельмі шмат зроблена. Мы шмат чаго зразумелі, што не разумелі яшчэ два гады таму. Нам не ўдалося паставіць на калені. Наадварот, мы мабілізаваліся і зрабілі нямала. Падпісаны базавыя міжурядовыя пагадненні аб прызнанні тэхналагічных аперацый, аб развіцці мікраэлектронных тэхналогій, праектаванні і вытворчасці электроннай кампанентнай базы, электроннага машынабудавання, аб адзінай прамысловай палітыцы. Учора мы з Уладзімірам Уладзіміравічам у сярэдзіне дня вельмі ўважліва прааналізавалі гэтыя пытанні на прыкладзе мікраэлектронікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Перакананы, што падрыхтаваны да падпісання дэкрэт на практыцы забяспечыць узаемнае прызнанне тэхналагічных аперацый. Лічу, што ўрадам трэба ў найкарацейшыя тэрміны прыняць меры па яго безумоўнай рэалізацыі, без якіх-небудзь адступленняў і выключэнняў", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў пра неабходнасць любымі спосабамі ліквідаваць усё, што стрымлівае ўзаемныя пастаўкі тавараў, выраўнаваць умовы дзейнасці для прадпрыемстваў, знішчыць бар'еры ў сферы дзяржаўных закупак, зняць абмежаванні для транзіту тавараў. "Гэтыя тэмы не новыя, але пакуль яшчэ ў нас дастаткова шурпатасцей у гэтым плане. Асабліва адзначу, што мы пакуль цалкам не вызначыліся па самых галоўных пытаннях. Гэта тычыцца стварэння адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Менавіта той час, калі мы можам спакойна прымаць гэтыя рашэнні. Яны будуць выгадныя як для Расіі, так і для Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Па яго словах, гэтыя прынцыпова важныя тэмы рэгулярна абмяркоўваюцца на перамовах з Прэзідэнтам Расіі. "Дасягнуты пагадненні. Лічу, што ўрадам трэба больш актыўна рэалізоўваць гэтыя пагадненні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Згадаў Прэзідэнт і пра лагістыку перавозак беларускіх экспартных грузаў праз расійскія порты. У гэтым плане ёсць прапановы па павелічэнні прапускной здольнасці Кастрычніцкай чыгункі ў напрамку портаў Санкт-Пецярбурга. "Мільёны тон беларускіх грузаў пераарыентаваны з портаў балтыйскіх дзяржаў на Санкт-Пецярбург, Мурманск, чарнаморскія порты. Але напружанне існуе. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам каля трох месяцаў таму абмяркоўвалі гэтую праблему. Прынялі рашэнне, што Кастрычніцкая чыгунка ў напрамку Пітэра павінна больш інтэнсіўна працаваць. Там на першым этапе патрэбны і нявеликія грошы, і нявелікая работа - каб аднавіць раз'язды", - падзяліўся дэталямі беларускі лідар.

У парадку дня пасяджэння ВГС таксама важныя пытанні, такія як стварэнне саюзнага медыяхолдынга, вырашэнне пытанняў агульнай уласнасці, зацвярджэнне стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года.

«Перакананы, што ўсе разумеюць, наколькі важна праводзіць узгодненую інфармацыйную палітыку. Ідзе магутнае інфармацыйнае супрацьстаянне. Многія называюць гэта вайной. Але, дзякуй Богу, пакуль нават у СМІ мы яшчэ не дайшлі да вайны. Але супрацьстаянне сур'ёзнае. Лічу, што калі мы створым нармальны медыяхолдынг з улікам (наяўных. - Заўв. БЕЛТА) памылак і пошукаў, будзе добры холдынг», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Новых свежых ідэй, а галоўнае – прарыўных эканамічных праектаў і канкрэтных прапаноў па развіцці супрацоўніцтва чакаюць ад XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў чэрвені пройдзе ў Віцебску.

У гэтым годзе ў Саюзнай дзяржаве адзначаць шэраг знакавых дат. Перадусім 80-годдзе вызвалення Беларусі і 25-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «Гэта магутныя ідэалагічныя падставы. Мы не маем права не скарыстацца імі для прасоўвання нашых каштоўнасцей і абароны праўды аб агульнай гісторыі», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Крыніца: belta.by

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт