Лукашенко обсудил с главой ЦИК подготовку к электоральной кампании 2024 года

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з старшынёй ЦВК Ігарам Карпенкам абмеркаваў падрыхтоўку да выбарчай кампаніі 2024 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі ў 2024 годзе ўпершыню пройдзе адзіны дзень галасавання, які прадугледжаны ў актуальнай Канстытуцыі. Будзе не толькі фарміравацца склад парламента, але і грамадзяне таксама абяруць дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў розных узроўняў. Прадугледжана, што адзіны дзень галасавання праводзіцца ў апошняй нядзелі лютага. У 2024 годзе гэта 25 лютага.

Яшчэ адна асаблівасць – гэта фарміраванне складу Усебеларускага народнага сходу – органа, які па выніках рэферэндуму набыў у Беларусі канстытуцыйны статус. У Канстытуцыі закладзена, што пасля адзінага дня галасавання не пазней чым праз 60 дзён павінна адбыцца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу. Такім чынам, апошні магчымы дзень для пачатку працы пасяджэння УНС – 25 красавіка.

Пра падрыхтоўку ўказа Прэзідэнта

"Мы ўжо напярэдадні выбараў. Новага вельмі шмат. Асабліва ў плане Усебеларускага народнага сходу. Гаворка ідзе пра выбары ў парламент і пра адпаведны ўказ Прэзідэнта. Я знаёмы з матэрыяламі, якія вы прадставілі. Няма заўваг ні па адным з пытанняў. Тым больш аб выдачы ўказа. Я даручу сёння Адміністрацыі Прэзідэнта, каб вы разам селі, прарабілі, распрацавалі разам (прыцягнуўшы да працы ўрад) аптымальныя тэрміны прыняцця гэтага ўказа", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Думаю, ваша прапанова ў гэтым плане рацыянальная. Не вы ж адны яе прыдумалі. А выстрадалі, напэўна, перад тым як уносіць прапанову. Таму пытанне выдачы ўказа пра выбары – гэта пытанне, лічыце, вырашанае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі

Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася на рабочай сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы, тычыцца ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі.

"Вы вельмі правільна прапануеце. Нічога не трэба адкідаць. У нас ёсць вялікі досвед і практыка правядзення выбараў у плане задзейнічання органаў улады, іншых дзяржаўных органаў. Усё ў вашым распараджэнні. Вы адказваеце за арганізацыю. А ўсе дзяржаўныя органы і структуры, і я ў тым ліку, мы будзем вам дапамагаць рэалізаваць той план, які мы ўзгаднілі разам", - сказаў беларускі лідар.

"Адзіны дзень галасавання - таксама навінка. Мы абіраем усе саветы па вертыкалі. Таму работы будзе дастаткова. Без спешкі, спакойна мы правядзём гэтую работу", - упэўнены Прэзідэнт.

Пра інфармацыйнае забеспячэнне

"Што тычыцца інфармацыйнага забеспячэння, то тут таксама вельмі вялікі досвед. Але і новага вельмі шмат. Трэба выкарыстоўваць і Інтэрнэт, і стварэнне новага кантэнту, як вы прапануеце. Гэта таксама трэба рабіць, каб людзям было зручна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, гэтай работай трэба займацца, пачынаючы ад запрашэння выбаршчыкаў, у тым ліку рассыланні SMS-паведамленняў.

Пра сумленныя выбары і назіральнікаў

Кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне запрашэння назіральнікаў на выбары, якія адбудуцца ў 2024 годзе. "Суб'екты, якія запрашаюць назіральнікаў, вызначаны законамі. Нам хаваць няма чаго. У патрэбны час, калі падыйдзе тэрмін, калі мы лічым патрэбным, мы запрасім назіральнікаў. Каб яны бачылі, як будуць праходзіць выбары. Каб нас не крытыкавалі за тое, што мы праводзім выбары, як у Амерыцы там. І страляюць у людзей пасля выбараў, і па пошце выбары праводзяць і так далей. І фальсіфікацый цэлая купа. Гэта ўжо сёння відавочна. Мы павінны сумленна правесці гэтыя выбары", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хаваць няма чаго. "Каля 80% адназначна сёння падтрымліваюць той курс, які мы вызначылі. Чаго нам баіцца? Ну, за 20%, якія вагаюцца і якія супраць, мы яшчэ паборамся. Гэта я гавару як Прэзідэнт", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пра фарміраванне ВНС

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на такую навінку, як фарміраванне Усебеларускага народнага сходу.

"Закладваем пэўны фундамент у гэтай справе. Назапашваем вопыт. Трэба вельмі ўважліва да гэтага аднесціся. У Канстытуцыі і ў законах вызначана вельмі шмат: колькасць, як абіраць, ад каго абіраць і г.д. Сумненняў тут няма. Трэба таксама адкрыта і сумленна правесці выбары ў склад Усебеларускага народнага сходу, — сказаў Прэзідэнт. — Там будуць розныя людзі. Там, я ўпэўнены, будуць розныя пункты гледжання. Адзінае, што ворагаў там не будзе. Але нам не патрэбны ворагі. І нашаму грамадству ў тым ліку. А пункты гледжання павінны быць рознымі, каб мы правільна прымалялі рашэнне".

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Азнаёміўшыся з вашым пісьмовым дакладам і прапановамі, я, напрыклад, не бачу якіх-небудзь іншых падыходаў. Трэба зараз пачынаць гэтую работу".

Крыніца: belta.by

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт