Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
Паважаныя жыхары Міёрскага раёна!
Шчыра віншуем з 85-годдзем утварэння Міёрскага раёна!
15 студзеня 1940 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР на тэрыторыі Прыдзвіння ўтвораны Мiёрскі раён.
85 гадоў для гісторыі – толькі імгненне, але для раёна гэта перыяд найцяжэйшых ваенных выпрабаванняў, пасляваеннага аднаўлення, працы і стварэння. Сімвалічна, што юбілей раёна мы святкуем у год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы схіляемся перад землякамі, якія годна змагаліся на франтах і ў тыле ворага, адстойваючы свабоду і незалежнасць Радзімы, аднаўлялі гарады і вёскі. Пакаленне за пакаленнем міярчане праслаўлялі родную зямлю ратнымі подзвігамі і працоўнымі дасягненнямі, выяўляючы стойкасць, патрыятызм і духоўную сілу, заклалі магутны сацыяльны і эканамічны патэнцыял. Сёння Міёрскі раён – гэта непаўторны куток мірнай сінявокай Беларусі, гісторыю якога чыняць моцныя духам людзі, якія аддаюць сэрца і душу роднаму краю.
Дарагія землякі!
Разам мы жывем на роднай зямлі, свята шануем гістарычнае мінулае, памятаем сваіх герояў, захоўваем і прымнажаем лепшыя традыцыі папярэднікаў. Вялікая ўдзячнасць кожнаму з вас, хто стаяў ля вытокаў станаўлення раёна, хто добрасумленна працаваў і працуе на роднай зямлі, хто робіць свае першыя крокі на шляху да вялікіх поспехаў і спраў. Дзякуючы вашай адказнасці, энтузіязму і ўпартасці ў дасягненні пастаўленых мэт здзяйсняюцца добрыя справы і простыя чалавечыя подзвігі, якія ўмацоўваюць і ўслаўляюць родную зямлю. Дзякуй Вам за любоў і адданасць Мiёрскаму краю! Няхай сумесная добрасумленная праца, адзінства і згода, разуменне і ўзаемападтрымка нясуць мір і дабрабыт у кожны дом! Жадаем усім жыхарам моцнага здароўя і дабрабыту, добрых і радасных падзей, поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў! А нашаму роднаму краю – далейшага развіцця і росквіту!
З юбілеем!
Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
Міёрскі раённы Савет дэпутатаў