Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
Будынак былога манастыра, пабудаваны ў 1735 годзе, дзе, паводле падання, спыняўся Напалеон падчас яго паходу на Маскву, быў прададзены на электронных гандлях за базавую велічыню (45 беларускіх рублёў).
Былы манастыр кармелітаў уяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны будынак з падвалам, накрыты двухсхільным дахам. Будынак прыбудаваны да сабора Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. Гэты ансамбль з'яўляецца яскравым прыкладам архітэктуры эпохі барока ў Беларусі.
Раней камітэт дзяржаўнай маёмасці Віцебскага аблвыканкаму 19 разоў безвынікова выстаўляў будынак манастыра на аўкцыён, але пакупнікоў не знаходзілася.
Новым уласнікам стала прыватная арганізацыя з Мінска, якая была адзіным удзельнікам аўкцыёна. Асноўная ўмова продажу — гэта яго аднаўленне як аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасці.
У будучыні тут магчыма размяшчэнне адміністрацыйна-гаспадарчага або будынка рэлігійнага (культавага) прызначэння.
На цяперашні час камітэтам прапануецца да продажу яшчэ 5 аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта — будынак спіртзавода ў а.г. Пламя Сяннога раёна, паштовая станцыя ў в. Паграбёнка Сяннога раёна, кузня ў а.г. Двор-Нізгалова Бешанковіцкага раёна, сядзібныя дамы ў в. Галашова Талачынскага раёна і ў в. Новая Жыццё Ушацкага раёна.
Можна адзначыць, што ўсе аб'екты прапануюцца да продажу за адну базавую велічыню. Абавязковая ўмова продажу — гэта іх аднаўленне.
vitebsk-region.gov.by