Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
Удзельнікі калегіі на чале з міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзем Трубілам, намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксеем Героявым, старшынёй Полацкага раённага выканаўчага камітэта Ігарам Марковічам, начальнікам галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрыем Дзяделам склалі кветкі да помніка вызваліцелям Полацка.
З рэалізацыяй падпраграмы «Чыстая вада» удзельнікі калегіі азнаёміліся на прыкладзе аграгарадка Жарнасекі Полацкага раёна. Тут пасля рэканструкцыі былі ўведзены ў эксплуатацыю ачышчальныя збудаванні. Генеральны дырэктар «Віцебсквадаканала» Аляксей Хвалько таксама пазнаёміў удзельнікаў мерапрыемства з рэалізацыяй у Віцебскай вобласці падпраграмы «Чыстая вада». Яна ажыццяўляецца паспяхова, што і стала паводам для правядзення калегіі на Віцебшчыне. Да канца наступнага года «Віцебсквадаканал» плануе забяспечыць якаснай пітной вадой усіх спажывачоў, з якімі заключаны дагаворы з прадпрыемствам.
Наступным аб'ектам стаў будаўніцтва аб'екта «Наваполацкі рэгіянальны комплекс па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі». Комплекс разлічаны на абслугоўванне Полацка і Наваполацка, а таксама Полацкага, Расонскага, Ушацкага раёнаў. На плошчы 27 га будзе засяроджана сістэма сартыроўкі, перапрацоўкі і захоўвання смецця.
– На тэрыторыі будуць размяшчацца пляцоўкі для кампаставання, драбнення і сартыроўкі. Па праекце запланавана будаўніцтва пад'язных дарог, артэзіянскіх свідравін, пажарных рэзервуараў і ёмістасцей для захоўвання фільтрату, а таксама аўтавагавой і праходнай, – расказаў дырэктар УП «Бія мехзавод бытавых другасных рэсурсаў» Сяргей Велюга. – Таксама на палігоне размясціцца вытворчы будынак з навесамі і прыбудовамі. У ім будуць вытворча-тэхнічная зона абслугоўвання транспарту і кацельня. Пад навесамі будуць захоўвацца сартыраваныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы.