Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
У сувязі з пачаткам навучальнага года ў Беларусі з 25 жніўня па 5 верасня пройдзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства МУС «Увага — дзеці!». Аб гэтым журналістам расказаў старшы інспектар па асаблівых даручэннях Галоўнага ўпраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Півавараў, паведамляе БЕЛТА.
Ён расказаў, што прафілактычная акцыя накіравана на павышэнне ўзроўню адказнасці бацькоў і кіроўцаў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы забеспячэння бяспекі дзяцей. Для гэтага ў дні правядзення спецыяльнага мерапрыемства рух транспартных сродкаў у святлы час сутак будзе ажыццяўляцца з уключаным блізкім святлом фараў або дзённымі хадавымі агнямі.
Ён таксама дадаў, што запланаваны цэлы шэраг прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў. Асаблівая ўвага будзе засяроджана на правядзенні раз'ясняльнай работы з дарослымі. «Напярэдадні навучальнага года міліцыянты наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць прычыны і наступствы дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, нагадаюць пра правілы бяспечнай перавозкі непаўналетніх і адказнасць за іх парушэнні», — адзначыў Сяргей Півавараў.
Яшчэ адной акцыяй у пярэдчас новага навучальнага года стане Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «У новы навучальны год — бяспечных усім дарог!» «Прайдзе ён 30 жніўня. У ходзе правядзення прафілактычных мерапрыемстваў асаблівая ўвага будзе нададзена працы па прыцягненні ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызму і загіну дзяцей на дарогах», — адзначыў старшы інспектар.
Прадоўжацца мерапрыемствы тым, што на працягу першага тыдня навучальнага года супрацоўнікі органаў унутраных спраў прымуць удзел у урачыстых лінейках, правядуць з вучнямі класныя гадзіны. «Для прафілактыкі парушэнняў Правіл дарожнага руху і аказання дапамогі каля школ і ў месцах інтэнсіўнага руху дзяцей і пешаходаў будуць арганізаваны дзяжурствы супрацоўнікаў міліцыі», — расказаў Сяргей Півавараў.