Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
У аграгарадку Нова Віцебскага раёна прайшоў трэці абласны фестываль вулічнага мастацтва «Волаты Прыдзвіння».
У пачатку праграмы адбыўся забег каласальных лялек, выстава сабак. На сцэне фестывалю сабраліся калектывы з розных куточкаў Віцебскага рэгіёна. Асаблівай энергетыкай зал заражалі вулічныя музыканты, танцоўшчыкі і артысты цырка.
Яны спаборнічалі ў дзвюх узроставых катэгорыях: ад 6 да 15 гадоў і ад 16 да 35 гадоў. Для госцяў мерапрыемства прайшлі прэзентацыі пляцовак і праектаў. Тут знайшлося месца і забавам, і спорту, і карысным пакупкам.
Уражаннямі ад фестывалю з карэспандэнтам «ВВ» падзялілася начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па пытаннях моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Новіцкая:
– У такіх мерапрыемствах ёсць асаблівасць, бо гэта цыркавое і вулічнае мастацтва. І галоўнае тое, што такія прыгожыя фестывалі праходзяць не толькі ў цэнтральных гарадах, але і ў раённых цэнтрах і аграгарадках. Тут вельмі шмат маладых людзей, якія натхняюцца атмасферай свята альбо прымаюць удзел. Гэта не можа не радаваць.
Моладзі на фестывалі сапраўды шмат. Карына Ішкула прыехала на выходных у Віцебск з Мінска і вырашыла наведаць мерапрыемства. Дзяўчына ўражана насычанай праграмай.
– Апынуўшыся ў гэтай атмасферы свята, я была прыемна ўражаная яркімі нумарамі ўдзельнікаў. Асабліва спадабаўся танцавальны калектыў з Аршы. Выдатна, што тут цікава і дзецям, і дарослым. Кожны знайшоў тут штосьці сваё.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by