Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
На чыгуначнай станцыі Багушэўская Сянноўскага раёна сёння адкрыта скульптура «Эха кахання», прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння Дзмітрыя Васільевіча Багушэўскага, на землях якога і ўзнік гарадскі пасёлак Багушэўск.
Падчас будаўніцтва ў 1899 – 1902 гадах чыгункі Віцебск – Жлобін тут было вырашана пабудаваць адну са станцый, паколькі яна знаходзілася б на аднолькавай адлегласці (40 км) ад Віцебска, Аршы і Сянно. Участак зямлі безаплатна перадаў палкоўнік Багушэўскі пры ўмове, што станцыя будзе называцца ў гонар яго жонкі – Багушэўская.
У урачыстай цырымоніі прымаў удзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Суботаў. Ён падзякаваў усіх, хто мае дачыненне да стварэння помніка, і адзначыў, што гісторыя кахання Дзмітрыя і Марыі Багушэўскіх варта фільма. Аляксандр Суботаў канстаатаваў, што з усталяваннем скульптурнай кампазіцыі Багушэўск стаў прыгажэйшым і прывабнейшым, і выказаў надзею, што манумент стане адпраўной кропкай, а гарадскі пасёлак набудзе другое дыханне, тут з'явяцца новыя вытворчыя праекты, будуць прыезджаць людзі.
Паводле слоў старшыні Багушэўскага сельсавета Вячаслава Багданава, гісторыю адносін Дзмітрыя і Марыі Багушэўскіх жыхары гарадскога пасёлка беражліва захоўваюць з пакалення ў пакаленне. Пасля смерці жонкі Дзмітрый Васільевіч пераехаў з Санкт-Пецярбурга ў Багушэўск і застаўся ёй верны. Ён жыў у маёнтку Караліна, дзе стварыў школу для мясцовых дзяцей.
Ініцыятыва жыхароў гарадскога пасёлка ўвасаблена скульптарамі Ігарам Галубевым і Сяргеем Сотнікавым дзякуючы спонсарскай падтрымцы сям'і Праскуравых. Дзмітрый Багушэўскі памёр у 1903 годзе і пахаваны недалёка ад гарадскога пасёлка – на могілках у вёсцы Рыбнае.
У будынку станцыі была прадстаўлена выстава музея гісторыі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. А ў Доме культуры для жыхароў гарадскога пасёлка канцарт арганізавалі творчыя калектывы Сянноўскага раёна, Віцебскага аддзялення БЧД, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by