Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
Віцебская вобласць прапанавала Ірану ствараць кааперацыйныя ланцужкі ў сферы фармацыі. Такія звесткі гучалі на сустрэчы кіраўніцтва рэгіёна з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Алірэзай Санеі.
«Калі казаць адносна фармацыі, тут нас бы зацікавілі вашы кампетэнцыі. Мы гатовы супрацоўнічаць з вашымі прадпрыемствамі, бо ў вобласці створаны фармацэўтычны кластар. Мы пастаянна ўдасканальваемся і развіваем новыя віды прадукцыі, у тым ліку ў сферы фармацыі і ветэрынарыі. Ведаючы вопыт Ірана ў гэтым напрамку, нам было б цікава супрацоўнічаць менавіта ў кааперацыі з іранскімі вытворцамі», — сказала намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжэліка Нікіціна.
Паўночны рэгіён Беларусі мае дастаткова відаў прадукцыі, якую гатовы прапанаваць патэнцыйным іранскім партнёрам. У прыватнасці, прадукцыя нафтахімічнай галіны, якая займае амаль 50 % у аб'ёме прамысловага вырабу, пачынаючы ад шкловалакна і заканчваючы дабаўкамі да алей. «Мы хацелі б працягнуць работу ў плане паставак гэтай прадукцыі і пашыраць свае кампетэнцыі ў частцы асартыменту ў Іране, — дадала яна. — Актыўна нашы прадпрыемствы пастаўляюць на рынак Ірана піламатэрыялы, але ёсць і іншыя віды прадукцыі, якія нам было б цікава пастаўляць: драўляныя пліты, ламінат і розныя віды мэблі, у тым ліку для абсталявання бюджэтных устаноў (школ, дзіцячых садоў)».
Іранскаму боку рэгіён можа прапанаваць прадукцыю харчовай прамысловасці, а таксама касы, абутак, вырабы з лёну.
«Раней мы пастаўлялі ў вашу краіну станкі. Віцебская вобласць мае кампетэнцыі ў галіне станкабудаўнічай прамысловасці і машынабудавання. Нашы станкабудаўнічыя прадпрыемствы, такія як "Вістан" і "Чырвоны барец", ужо вядомыя ў вашай краіне, — адзначыла Анжэліка Нікіціна. — Гэтую работу мы можам з вамі аднавіць».
Таксама Віцебская вобласць прапанавала замацаваць міжрэгіянальныя кантакты на ўзроўні правінцый і рэгіёнаў.
Председатель Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін заклікаў, нягледзячы на тое, што візіт пасла мае азнаёмальны характар, "адразу ўсё пераводзіць у больш практычны фармат" і павялічваць у некалькі разоў колькасць сустрэч. "У нас шмат напрамкаў для супрацоўніцтва: інвестыцыйныя праекты, гандаль. Нам абавязкова неабходна супрацоўнічаць у сферы адукацыі, культуры і навукі", - звярнуў ён увагу.
Сувязі Віцебскай вобласці з Іранам маюць вялікую перспектыву, дадаў кіраўнік паўночнага рэгіёна. Ён запэўніў, што тут будуць адкрытыя да любых прапаноў і ініцыятыв.
З 2022 года адбылося шматразовае павелічэнне тавараабароту паміж Віцебскай вобласцю і Іранам, што звязана з неабходнасцю фарміраваць новыя варыянты лагістыкі для экспартных грузаў. Сярод новых відаў прадукцыі, якая раней не пастаўлялася ў Іран, — шклатканіны, драўняныя пліты, розныя віды кіслот і рэагентаў. Віцебская вобласць працягвае пастаўляць у Іран піламатэрыялы — 49 % у тавараабароце. Рэгіён закупляе свежую гародніну і садавіну, на якія прыпадае 98 % усіх закупак з гэтай краіны, а таксама медыцынскае абсталяванне.