Чем порадует и удивит любителей танца модерн IFMC 2023, рассказали в Медиацентре Витебской области

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт

Мінулая сустрэча ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці была прысвечана высокаму мастацтву, якое больш за трыццаць гадоў таму замацавалася ў Віцебску і штогод радуе аматараў, жыхароў і госцяў горада. Гаворка ідзе пра найстарэйшы на постсавецкай прасторы і адзін з самых прэстыжных у Еўропе форум – Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, або IFMC.

– Фестываль чакаюць і гледачы, і харэографы, і танцоры. Гэта відаць па шматлікіх заяўках, якія паступаюць ад калектываў, і па ажіятажу ў касавых залах, – адзначыў генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.

Глеб Лапіцкі таксама падкрэсліў, што IFMC прыцягвае ўвагу да Віцебска як цэнтра развіцця элітарнага мастацтва і даказвае, што ў нашым горадзе могуць рэалізоўвацца праекты сусветнага ўзроўню.

Якім жа будзе цяперашні, трыццаць чацвёрты па ліку фестываль? Чым ён парадуе і здзівіць аматараў танца модерн? Аб гэтым расказала стваральнік праекта і душа IFMC – намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская.

У бягучым годзе пройдзе нацыянальны конкурс. Радуе, што ў Беларусі за апошнія гады значна вырасла дыяспара танцораў, якая ўсё ярчэй заяўляе пра сябе.

– На папярэдні адбор было даслана больш за 40 твораў, у выніку засталося 25, якія паказалі прыстойны ўзровень. Некаторыя працы прыемна здзівілі, напрыклад, пастаноўкай у стылі тэатра абсурду, – расказала Марына Раманоўская.

У гасцейскай праграме выступяць Балет «МАСКВА», які прадставіць вынік лабараторыі сучаснага танца і спектакль «Усе шляхі вядуць на Паўноч», Тэатр «Балет Яўгена Панфілава» з двума пастаноўкамі: «Прынц і нішчы» і «Рамэа і Джульета», Тэатр сучаснага танца «КАННОН ДАНС» з Санкт-Пецярбурга з балетамі «Невыразны куб» і «Бяздушнасць» і Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр са спектаклем «Датыканне. Малая гісторыя пра тое, што ўнутры … і ўсё». Да таго ж, апошні спектакль паставіла віцебская харэограф Дыяна Юрчанка.

У журы, якую ў гэтым годзе ўзначаліў саліст Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст Беларусі Канстанцін Кузняцоў, увайшлі прадстаўнікі Паўночнай Македоніі, Харватыі, Італіі.

Традыцыйна ў праграме фестывалю майстар-класы, лекцыі пра сучаснае мастацтва, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі, адкрытыя дыскусіі, а таксама выставы: жывапісных работ Аляксандра Салаўёва і фота Ігара Гусакова, які ўжо 30 гадоў здымае фестываль. Цікава, што фатаграфіі можна будзе ўбачыць, ужо набліжаючыся да канцэртнай залы «Віцебск», прысеўшы на ўстаноўленыя інтэлектуальныя лаўкі са ўбудаванымі панэлямі.

XXХIV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі прайдзе з 22 па 26 лістапада 2023 года. Галоўнай падзеяй IFMC стане рэспубліканскі конкурс, у якім заяўлена 200 удзельнікаў. У складзе канкурсантаў, членаў міжнароднага журы і экспертнага савета прадстаўнікі дзесяці краін свету.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт