Міёрскі раённы выканаўчы камітэт
Адзінаразовую матэрыяльную дапамогу да новага навучальнага года атрымаюць больш за 11 тысяч шматдзетных сямей вобласці ў дачыненні да 22,3 тысяч дзяцей школьнага ўзросту.
Аб гэтым «ВВ» паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Памер выплаты на кожнага дзіцяці-вучня складае 109 руб. 32 кап., або 30 % бюджэта пражытаковага мінімуму, які дзейнічае на 1 жніўня 2023 года. Нагадаем, што за атрыманнем такой дапамогі трэба звяртацца: у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па рэгістрацыі па месцы жыхарства (месца знаходжання) аднаго з бацькоў дзіцяці, а ў Віцебску – па месцы навучання дзіцяці.
У рэспубліканскую акцыю «Збяром дзяцей у школу» ў Чашніцкім раёне актыўна далучыліся воланты залатога ўзросту – актывісты аддзяленняў ЦСАЗОНа. Кожны імкнецца ўнесці свой удзел у дапамозе сем'ям, якія маюць патрэбу, купіўшы і паклаўшы ў спецыяльныя каробкі школьна-пісьмовыя прылады. Ужо 15 сямей атрымалі падарункі, падрыхтаваныя добраахвотнікамі.
– Адзінаразовую матэрыяльную дапамогу ў нашым раёне мы планавалі аказаць амаль 290 шматдзетным сям'ям, у якіх выхоўваецца больш за 600 дзяцей школьнага ўзросту, – паведаміла дырэктар ЦСАЗОНа Таццяна Гапоненка. – Станам на 18 жніўня дапамогу атрымалі больш за 190 сямей у дачыненні да амаль 400 вучняў.
Муж і жонка Максім і Юлія Клочковы з аграгарадка Новая Заря выхоўваюць чацвярых дзяцей, трое з якіх – вучні. Муж працуе на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, жонка – у дзіцячым садку. Трымаюць значную гаспадарку, на сваім трактары апрацоўваюць участак зямлі. Звыклі разлічваць толькі на сябе, але прызнаюцца, што матэрыяльная дапамога, за якой яны звяртаюцца ўжо другі год, вельмі дарэчы.
– Амаль 330 руб. для нас – немалая сума, – кажа Юлія. – На многія пакупкі для дзяцей хапіла. Цяпер яны апрануты, абуты, у іх ёсць усё неабходнае школьнае начынне – да новага навучальнага года гатовыя!