Небяспека пясчаных кар’ераў
З прыходам вясны, канікул у вольны ад вучобы час дзеці шукаюць сабе забавы, часам нават не падазраваючы аб небяспецы некаторых з іх. І адна з такіх небяспечных забаў - гэта гульні ў кар'ерах. Няшкодная дзіцячая гульня ў пяску можа прывесці да траўм і нават гібелі.
Кар'еры, з'яўляючыся вытворчымі аб'ектамі, таяць у сабе вялікую небяспеку, таму катэгарычна забараняецца знаходжанне старонніх асоб на іх тэрыторыі. Пясок - падступная рэч. Абрываючыся, практычна не дае магчымасці чалавеку выбрацца з-пад завала. У працоўны час небяспеку ўяўляюць і горныя машыны, якія вядуць распрацоўку радовішчаў.
Прадпрыемствамі, якія ажыццяўляюць распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў адкрытым спосабам, прымаюцца неабходныя меры бяспекі пры эксплуатацыі кар'ераў: тэрыторыя па перыметры агароджваецца папераджальнымі знакамі, на ўездзе ў кар'ер усталёўваецца шлагбаўм, у непрацоўны час арганізавана ахова. Аднак на дзяцей не заўсёды дзейнічаюць такія забароны.
Кіраўнікам і спецыялістам прадпрыемстваў, якія вядуць здабычу карысных выкапняў, неабходна выконваць работы з захаваннем патрабаванняў Правілаў па забеспячэнні прамысловай бяспекі пры распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў адкрытым спосабам, прыняць дзейсныя меры па прадухіленні пранікнення на небяспечны вытворчы і (або) патэнцыйна небяспечны аб'ект старонніх асоб, на належным узроўні арганізаваць і ажыццяўляць вытворчы кантроль.
Бацькам, у сваю чаргу, трэба праводзіць з дзецьмі тлумачальную працу аб недапушчальнасці знаходжання на вытворчых пляцоўках і аб'ектах, аб значэнні забараняльных знакаў і надпісаў. І, у сваю чаргу, арганізаваць адпачынак дзяцей і падлеткаў такім чынам, каб не падвяргаць іх жыццё і здароўе небяспецы.