Праграма мерапрыемстваў XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу
XXXII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе з 12 па 16 сакавіка 2025 года ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14 у Мінску. Адкрыецца выстава ўрачыста 12 сакавіка ў 12.00.
Чакаецца ўдзел больш за 500 экспанентаў з 21 краіны.
Улічваючы, што ў 2025 годзе Беларусь старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза, на цэнтральным стэндзе сёлета будзе прадстаўлена інтэрактыўная калектыўная экспазіцыя дзяржаў — удзельніц ЕАЭС, аб'яднаная агульнай тэмай — 80-годдзе Вялікай Перамогі.
Кожны дзень выставы-кірмашу будзе прысвечаны дзяржаве-ўдзельніцы ЕАЭС: 12 сакавіка — Дзень Рэспублікі Казахстан, 13 сакавіка — Дзень Кыргызскай Рэспублікі, 14 сакавіка — Дзень Расійскай Федэрацыі, 15 сакавіка — Дзень Рэспублікі Беларусь, 16 сакавіка — Дзень Рэспублікі Арменія.
12 сакавіка ў межах Дня Рэспублікі Казахстан пройдзе прэзентацыя культурнага і турыстычнага патэнцыялу Казахстана, вялікая літаратурная сустрэча «Казахстан – Беларусь: Мерыдыяны дружбы», у межах якой будзе прадстаўлена кніга Лайлы Ахметавай «1941. Брэсцкая крэпасць. Казахстан».
13 сакавіка Пасольства Кыргызскай Рэспублікі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі правядзе вялікую прэзентацыю, прысвечаную творчасці Чынгіза Айтматава, сумесным выдавецкім праектам.
14 сакавіка, у дзень Расіі, запланавана шырокая праграма не толькі на расійскім стэндзе, але і на галоўнай сцэне кірмашу, дзе пройдуць выступленні творчых калектываў, музыкантаў і паэтаў з рэгіёнаў Расіі: Башкартастана, Дагестана, Татарстана і Чачні. Таксама на галоўнай сцэне пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі-рэзідэнтамі «Кніжнага цягніка» — вялікага праекта, які аб'ядноўвае гарады і краіны. Цягнік адправіцца з Санкт-Пецярбурга па маршруце: «Мінск — Масква — Ніжні Ноўгарад — Казань — Ульянаўск — Валгаград». У кожным горадзе цягнік спыніцца на адзін дзень, на працягу якога пройдуць сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі. У Мінску выступяць: пісьменнік-фантаст Дзмітрый Емец; аўтар папулярных моладзевых раманаў Ася Ларыновіч; дзіцячыя пісьменнікі Каця Мацюшкіна і Валянцін Поснікаў; пісьменнікі Валерый Попаў і Алег Рой і многія іншыя.
15 сакавіка, у Дзень Рэспублікі Беларусь, пройдуць прэзентацыі найбольш знакавых выдавецкіх праектаў («Сімвалы суверэннай Беларусі», «Суперпазіцыя. Паралельныя міры»), сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом, урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 64-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».
Таксама на базе выставачнага павільёна 15 сакавіка пройдзе семінар-практыкум «Сучасныя тэндэнцыі ў афармленні кнігі» з удзелам прадстаўнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кніжнай палаты Беларусі.
16 сакавіка фальклорны ансамбль «Эрэбуні» прэзентуе культурны патэнцыял Арменіі.
Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі сумесна з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў, акрэдытаванымі ў Рэспубліцы Беларусь, будзе арганізавана праца «Міжнароднага квартала» з шырокім прадстаўленнем замежнай літаратуры дэлегацыямі і дыппрадстаўніцтвамі краін блізкага і далёкага замежжа. Адкрыццё «Міжнароднага квартала» пройдзе 13 сакавіка а 11.00.
Арганізатары выставы забяспечаць працу паэтычнага аўтобуса, што дазволіць усім жадаючым бясплатна даехаць да месца правядзення выставы і падчас паездкі пагутарыць з прадстаўнікамі творчых літаратурных колаў, пачуць дэкламацыю твораў паэтаў і празаікаў. Маршрут № 935 будзе працаваць з 12 па 16 сакавіка, з 10.00 да 19.00. Аўтобус будзе адпраўляцца ад Палаца Спорту і накіроўвацца да месца правядзення выставы. Інтэрвал руху складзе кожныя 15 хвілін.