З 20 па 26 лістапада з мэтай стабілізацыі абстаноўкі на дарогах краіны Дзяржаўтаінспекцыя правядзе рэспубліканскае прафілактычнае мерапрыемства "Захавай сабе жыццё!"
Аналіз аварыйнасці паказвае, што з надыходам восеньска-зімовага перыяду і скарачэннем працягласці светлавога дня ўзрастае верагоднасць здзяйснення ДТЗ з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту. Прычыны такіх ДТЗ – невыкананне ПДР як з боку кіроўцаў, так і саміх пешых удзельнікаў, якія часам не задумваюцца аб сваёй бяспецы, знаходзячыся паблізу праезнай часткі ў нецвярозым стане, у цёмны час сутак не пазначаюць сябе святлоадбіўнымі элементамі і дарогу пераходзяць у непрызначаным месцы.
Акцыя накіравана на прыцягненне ўвагі пешаходаў і веласіпедыстаў да важнасці няўхільнага выканання правіл бяспечных паводзін на дарозе, абавязковага выкарыстання святлоадбіўных элементаў і адзення павышанай бачнасці ў цёмны час сутак, а таксама ва ўмовах дрэннага надвор'я.
У гэты перыяд будзе арганізаваны ўзмоцнены нагляд за дарожным рухам з прыцягненнем супрацоўнікаў усёй міліцыі грамадскай бяспекі. Асаблівая ўвага – выяўленню кіроўцаў і пешаходаў, якія груба парушаюць ПДР.
Таксама на маршрутах патрулявання будзе ажыццяўляцца кантроль за спраўнасцю вонкавага асвятлення, наяўнасцю фактаў яго адключэння ў начны час, а таксама за працай арганізацый па зімовым утрыманні вулічна-дарожнай сеткі.
Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што рухацца па абочыне пешаходам дазваляецца насустрач транспартнаму патоку і толькі там, дзе няма тратуара, пешаходнай або веласіпеднай дарожкі, а пераходзіць праезную частку трэба ва ўстаноўленым для гэтага месцы, папярэдне пераканаўшыся, што транспартны сродак спыніўся.
У цёмны час сутак для прыцягнення ўвагі кіроўцаў неабходна абазначыць сябе святлоадбіўнымі элементамі. Гэта асабліва важна пры складаных умовах надвор'я, калі бачнасць дарогі скарачаецца ў некалькі разоў. А калі ж у пешахода маецца так званы "флікер", то адлегласць, з якой кіроўца яго можа заўважыць, узрастае з 25-40 да 140 метраў. І гэта з'яўляецца самым дзейсным спосабам убяспечыць сябе на дарозе.
Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да бацькоў і нагадвае, што менавіта яны нясуць адказнасць за сваіх дзяцей, а таксама заклікае прыкласці максімальныя намаганні, каб убяспечыць самых юных і неабароненых удзельнікаў дарожнага руху. Многія вытворцы дзіцячага адзення клапоцяцца не толькі аб прыгажосці і зручнасці сваёй прадукцыі, але і бяспецы юнага пешахода, выкарыстоўваючы святлоадбівальныя элементы. Пры выбары адзення аддавайце перавагу менавіта такім мадэлям, альбо набыцце іншыя формы святлоадбівальных элементаў, якія могуць быць размешчаны на сумках, куртцы або іншых прадметах. Прывучайце сябе і сваіх дзяцей карыстацца даступнымі сродкамі бяспекі.
Да пешахода, асобы, якая кіруе роварам, гужавым транспартным сродкам, або асобы, якая ўдзельнічае ў дарожным руху і не кіруе транспартным сродкам, якая дапусціла парушэнне ПДР, прымяняецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання альбо штрафу ў памеры ад 1 да 3 б.в., а ў выпадку знаходжання пешахода ў стане алкагольнага ап'янення альбо адмовы ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (асведчання) - на суму ад 3 да 5 б.в.
Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху! Калі вы бачыце на праезнай частцы або паблізу яе пешаходаў, якія сядзяць, ляжаць альбо перасоўваюцца ў стане ап'янення, то неадкладна паведамляйце пра гэта па тэлефоне 102. Магчыма, Ваш званок дапаможа захаваць чыёсьці жыццё.
Начальнік аддзела ДАІ
Міёрскага РАУС А.Ф.Савейка