З прыходам восені штогод актывізуюцца работы па навядзенні парадку на зямлі: на прыдамавых тэрыторыях і прысядзібных участках, адміністрацыйных і замацаваных тэрыторыях арганізацый
Навядзенне парадку на зямлі – гэта задача кожнага з нас. Падтрыманне чысціні і санітарнага парадку ў населеных пунктах – гэта не толькі маральны абавязак кожнага грамадзяніна, але і абавязак, ускладзены на нас заканадаўствам.
Аб утульным двары напэўна марыць большасць гараджан. І пакуль адны чакаюць, калі падыдзе чарга на рамонт іх прыдамавой тэрыторыі, іншыя добраўпарадкоўваюць яе на свой густ. Многія жыхары шматпавярховых дамоў займаюцца аздабленнем участкаў каля сваіх пад'ездаў – высаджваюць кветкі, змагаюцца з пустазеллем, у такіх дварах чыста і прыгожа, да такога пад'езду прыемна падысці.
Напрыклад, па вул. Дзяржынскага, д. 13 Герасімава Святлана Віктараўна цешыць сябе і жыхароў пад'езда шыкоўнай клумбай.
- 34 гады пражываю ў гэтым доме. Калі мы засяліліся, у двары не было клумбаў, кветнікаў. Раслі старыя дрэвы, мы іх выкарчавалі, разбілі клумбу, з камянёў выклалі пагоркі. І ўсе суседзі за мной пачалі разбіваць клумбы. Цяпер многія ўжо пенсіянеры, пажылога ўзросту. Хто як можа, хто на што здольны - стараемся, робім. На клумбе растуць канны, яны бываюць рознага колеру: чырвоныя, зялёныя, якія я планую высадзіць у наступным годзе. Расце дэкаратыўная елка і сцелецца зялёным дываном дэкаратыўная суніца. Пястрыць ружовымі флоксамі, як далікатнае, паветранае воблака, спусціліся суквецці гартэнзіі на пухнаты аспарагус. -
Больш за ўсё мне падабаецца бадан, - працягвае Святлана Віктараўна. У гэтай расліны круглагадовае і пастаянна зменлівае дэкаратыўнасць. Квітнее бадан ранняй вясной, не баіцца моцных маразоў, прывабны увесь сезон.
Муж Святланы Віктараўна зрабіў лаўку, са старых жалезных плафонаў зрабілі смеццевышнік. Святлана Віктараўна і ў далейшым плануе дапаўняць і ўпрыгожваць клумбу новымі насаджэннямі. - Мне гэта падабаецца, я люблю кветкі, прачнуся раніцай, пагляджу ў акно, і вачэй цешыць - дадала Святлана Віктараўна.
З мэтай прыцягнення насельніцтва да работ па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях унітарным прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міёрскага раёна на дошках аб'яў каля пад'ездаў шматкватэрных жылых дамоў размешчаны аб'явы з прапановай аб удзеле грамадзян у добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый (уборка, рамонт абсталявання і г.д.).
Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі – гэта не аднаразовая акцыя, а паўсядзённая сістэматычная праца, карпатлівы і працаёмкі працэс. Прымаючы актыўны ўдзел у справе добраўпарадкавання і падтрымання парадку на зямлі, мы робім сваё жыццё больш камфортным і ўтульным!