Электраэнергія для ацяплення
З кожным годам усё больш грамадзян выбіраюць для ацяплення сваіх індывідуальных жылых дамоў электрычную энергію. Штогод толькі ў Міёрскім раёне падключаецца да электрычных сетак больш за сотню падобных аб'ектаў.
Для ацяплення жылых дамоў і кватэр звычайна ўжываюцца электрычныя канвектары і электрычныя катлы. Кожны від электратэрмічнага абсталявання мае свае перавагі і недахопы. Напрыклад, калі ў жылым доме ўжо маецца сістэма ацяплення з вадкім цепланосьбітам, то найбольш мэтазгоднай у гэтым выпадку з'яўляецца ўстаноўка электракатла, які можа выгадна дапоўніць існуючую сістэму ацяплення і нават працаваць у пары з ёй. Наадварот, калі домаўладанне ацяплялася печкай, устаноўка электракатла запатрабуе вялікіх фінансавых укладанняў з улікам складанасці мантажу контуру ацяплення (трубаправоды, радыятары). У гэтым выпадку грамадзяне ў асноўным схіляюцца да выкарыстання электраканвектараў. Дзякуючы сучаснаму дызайну, на любы густ, і малым габарытам яны граматна ўпішуцца ў інтэр'ер і будуць зусім не заўважныя. Тонкія гнуткія правады ў параўнанні з трубаправодамі значна лягчэй пракладаць па доме, не наносячы шкоды сценам і перакрыццям. Яшчэ адной перавагай электраканвектараў з'яўляецца іх надзейнасць, напрыклад, калі выйшаў са строю адзін ці два электрапрыборы, то астатнія застануцца ў працы. У выпадку ж з электракатламі перагаранне награвальнага элемента хутчэй за ўсё пакіне без ацяплення ўвесь дом.
Незалежна ад выбранага тыпу электраацяпляльных прыбораў, пры няправільнай эксплуатацыі ўсе яны здольныя прывесці да ўзнікнення пажару або да паражэння электрычным токам. Каб убяспечыць сваё жыццё, жыццё блізкіх і навакольных ад аварыйных сітуацый, неабходна выконваць патрабаванні электра- і пажарнай бяспекі.
Перш за ўсё, перад ужываннем электраацяпляльных прыбораў неабходна азнаёміцца з інструкцыяй завода-вытворцы. Патрабаванні па ўстаноўцы і эксплуатацыі, выкладзеныя ў інструкцыі, абавязковыя для выканання.
Апараты абароны, папярочнае сячэнне сілкавальных праваднікоў, штэпсельныя раздымы павінны адпавядаць магутнасці электрапрыбораў, што падключаюцца. Часткі пад напругай павінны быць надзейна абаронены ад выпадковых дотыкаў.
Не дапускаецца эксплуатацыя абагравальнікаў пры наяўнасці бачных механічных пашкоджанняў, з няспраўным тэрмарэгулятарам, са знятай ахоўнай рашоткай, калі яна прадугледжана канструкцыяй.
Забараняецца выкарыстанне электраабагравальных прыбораў у памяшканнях з высокай вільготнасцю, якія характарызуюцца наяўнасцю ў іх асаблівай сырасці (кандэнсату на столі і сценах), за выключэннем абсталявання, спецыяльна прызначанага для гэтых мэт.
Не дапускаецца ўсталёўваць электраабагравальныя прыборы непасрэдна пад разеткі, перад лёгкаўзгаральнымі прадметамі або ў непасрэднай блізкасці ад ванн, душа або плавальнага басейна.
На абагравальніках, якія маюць папярэджвальны надпіс: «Не накрываць» або адпаведны забаронны знак, не дапускаецца пакідаць староннія прадметы, накрываць тканінай, сушыць на іх адзенне і г.п.
Пры з'яўленні старонніх шумаў і пахаў пры працы награвальнага электраабсталявання, яго варта неадкладна адключыць ад сеткі электразабеспячэння і запрасіць спецыялізаваны персанал для правядзення рамонту.
Неабходна перыядычна, у адпаведнасці з указаннем завода-вытворцы, праводзіць тэхнічнае абслугоўванне і ачыстку электратэрмічнага абсталявання ад пылу і бруду. Абслугоўванне кантактных злучэнняў, камутацыйных апаратаў шчытоў і зборак лепш праводзіць перад кожным ацяпляльным перыядам. Пры выкананні работ па ачыстцы і абслугоўванні прыбор павінен быць адключаны ад электрасеткі.
Рамонт электраабагравальных прыбораў, а таксама правядзенне тэхнічнага абслугоўвання неабходна давяраць толькі спецыялізаваным арганізацыям, якія маюць падрыхтаваны, кваліфікаваны персанал.