АКТУАЛЬНАЕ ІНТАРВ'Ю "Што нам каштуе дом аформіць"

Будаўніцтва жылога дома, як правіла, расцягваецца на гады. Адны новасёлы імкнуцца ўехаць у цалкам гатовыя памяшканні. Іншыя не супраць паскорыць пераезд нават пры тым, што многае давядзецца дарабляць у працэсе, і засяляюцца ў жыллё, не ўведзенае ў эксплуатацыю. У выніку плацяць у разы больш за камунальныя паслугі. Аб тым, як дзяржава падтрымлівае індывідуальных забудоўшчыкаў, гутарым з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Жаннай ПАДАЛЯКА.

– Увесці жылы дом у эксплуатацыю можна без выканання асобных відаў работ, напрыклад, вонкавай і ўнутранай аздаблення, а ў сельскай мяснасці – і без уладкавання нежылых капітальных пабудоў і добраўпарадкавання тэрыторыі, калі гэта не перашкаджае яго выкарыстанню. Між тым павінны быць праведзены інжынерныя камунікацыі: электрычнасць, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, у тым ліку ўстаноўлены прыборы ўліку. Для гэтага патрэбен пакет дакументаў: пасведчанне на зямельны ўчастак, дазвол на будаўніцтва, праектная дакументацыя, ведамасць тэхнічных характарыстык. З ім варта звярнуцца ў райвыканкам за рашэннем аб зацвярджэнні акта прыёмкі і за рэгістрацыяй у БТІ, – уводзіць у курс справы Жанна Дзмітрыеўна. – Таксама Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2022 г. № 253 прадугледжаны спрошчаны парадак прыёмкі ў эксплуатацыю аб'ектаў будаўніцтва. Ён носіць часовы характар: да 1 студзеня 2025 года.

Ці азначае гэта некаторыя саступкі для гаспадароў аднакватэрных жылых дамоў.

– Несумненна. Аб'екты, узведзеныя або рэканструяваныя на зямельных участках грамадзян, выдзеленых да 1 верасня 2022 года, па рашэнні райвыканкама можна прымаць у эксплуатацыю без праектнай і дазвольнай дакументацыі на іх будаўніцтва. Да іх адносяцца аднакватэрныя жылыя дамы і нежылыя капітальныя пабудовы пятага класа складанасці: гаражы, лазні, хлявы. Гэта не будзе лічыцца самавольным будаўніцтвам і не прадугледжвае адміністрацыйнай адказнасці. Разам з заявай варта падаць ведамасць тэхнічных характарыстык з БТІ і пасведчанне на зямельны ўчастак.

Легалізаваць можна любую пабудову.

– Яе ацэніць прыёмачная камісія на прадмет адпаведнасці пятаму класа складанасці, будаўнічым нормам і горадабудаўнічай дакументацыі. Гэта значыць, павінны быць выкананы нарматыўныя прамежкі ад межаў зямельнага ўчастка да аб'екта і патрабаванні па іх размяшчэнні: тры метры для дома і адзін – для гаспадарчай пабудовы. Калі яны не выконваюцца, трэба атрымаць ад суседа натарыяльна засведчаную згоду. Калі не ўдалося дамовіцца, то варыянты два: не рэгістраваць пабудову або зносіць яе.

Ці закранулі нейкія змены новае будаўніцтва.

– Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2022 г. № 202, з 15 снежня 2022 г. спрошчаны парадак узвядзення і рэканструкцыі аб'ектаў будаўніцтва. У сельскіх населеных пунктах дастаткова мець дакументы на зямельны ўчастак. Можна размяшчаць аднакватэрныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы на ўчастку без атрымання дазвольнай дакументацыі, распрацоўкі праекта, узгаднення з райвыканкамам і наступнай прыёмкі іх у эксплуатацыю. Адзінае ўмова – каб адлегласць ад межаў сумежнага ўчастка да жылога дома складала не менш за тры метры, нежылых капітальных пабудоў – ад двух метраў. Разам з тым, грамадзянін сам вырашае, па якім шляху яму ісці – атрымаць дакументацыю, як было раней, або абысціся без яе. Пры ўзвядзенні жылога дома або гаспадарчых пабудоў у горадзе неабходна дазвольная дакументацыя або пашпарт забудоўшчыка. Дзеянне Указа не распаўсюджваецца на жылыя дамы, пачатыя будаўніцтвам на падставе раней выдадзенай дазвольнай дакументацыі, і тыя, якія будуць узводзіцца на ўмовах крэдытавання.

У якія тэрміны неабходна завяршыць будаўніцтва і як дзейнічаць, калі не паспеў увесці аб'ект у эксплуатацыю.

– Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 87, тэрмін будаўніцтва дома або лецішча на выдзеленым зямельным участку складае тры гады. Каб яно лічылася завершаным, дастаткова ўзвесці фундамент, сцены і дах. Калі не паспелі завяршыць да заканчэння тэрміну, які бярэ адлік з моманту рэгістрацыі зямельнага ўчастка, ёсць магчымасць працягнуць тэрміны будаўніцтва на два гады. Калі і іх не хапіла, то мэтазгодна закансерваваць будоўлю на перыяд да трох гадоў. Кожны выпадак індывідуальны. Узніклі пытанні – адкажу на іх па нумары 5 19 80.

АКТУАЛЬНАЕ ІНТАРВ'Ю "Што нам каштуе дом аформіць" | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт