Пресс-релиз. Масштабное социологическое исследование в сфере демографии пройдет во всех регионах Беларуси с 1 июля по 31 октября

Прэс-рэліз. Маштабнае сацыялагічнае даследаванне ў сферы дэмаграфіі пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 1 ліпеня па 31 кастрычніка

Маштабнае сацыялагічнае даследаванне ў сферы дэмаграфіі пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 1 ліпеня па 31 кастрычніка.

Дадзенае даследаванне з'яўляецца другім этапам апытання насельніцтва, праведзенага ў 2017 годзе. Удзел у ім прымалі 10 тыс. рэспандэнтаў з усёй краіны ва ўзросце ад 18 да 69 гадоў. Цяпер удзел прымуць каля 6 тыс. удзельнікаў першага этапу.

Мэтай даследавання з'яўляецца параўнальны аналіз шлюбна-сямейных адносін і сямейных каштоўнасцей, асаблівасцей дэмаграфічных паводзін беларусаў. Асаблівая ўвага будзе нададзена ўзаемаадносінам паміж бацькамі і дзецьмі, мужам і жонкай, аказанню падтрымкі паміж пакаленнямі.

Даследаванне будзе праводзіцца Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У палявых работах прымуць удзел
150 інтэрв'юераў.

Удзельнікам у спецыяльна распрацаванай анкеце ва ўмовах ананімнасці прапануюць адказаць на пытанні, якія тычацца асноўных падзей і фактаў іх біяграфіі, а таксама асаблівасцей функцыянавання іх хатніх гаспадарак. Змест адказаў рэспандэнтаў і асабістая інфармацыя пра іх, атрыманая падчас апытання, не падлягае разгалошванню. Інтэрв'юеры нясуць поўную адказнасць за выкананне пагаднення аб канфідэнцыяльнасці даных пра рэспандэнтаў.

Атрыманыя звесткі прааналізуюць навукоўцы: сацыёлагі, эканамісты, дэмографы, медыкі. У далейшым гэта дазволіць выявіць асаблівасці развіцця беларускай сям'і, вызначыць фактары, якія ўплываюць на рэпрадуктыўныя паводзіны і сямейныя ўзаемаадносіны, правесці параўнальны аналіз тэндэнцый фарміравання шлюбна-сямейных адносін у Беларусі, краінах СНД і Еўропы, распрацаваць навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі па ўдасканаленні дзяржаўнай сямейнай і дэмаграфічнай палітыкі ў нашай рэспубліцы.

Даследаванне праводзіцца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Умацаванне навуковага і адукацыйнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь у галіне збору, аналізу і выкарыстання дэмаграфічных даных для дасягнення Мэт устойлівага развіцця», які рэалізуецца пры падтрымцы Урада Расійскай Федэрацыі і Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА).

Нацыянальным выканаўчым агенцтвам праекта з'яўляецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Прэс-рэліз. Маштабнае сацыялагічнае даследаванне ў сферы дэмаграфіі пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 1 ліпеня па 31 кастрычніка | Міёрскі раённы выканаўчы камітэт