Дом без пажару - бяспечны дом

Дом без пажару - бяспечны дом

З 11 па 17 лютага на тэрыторыі Міёрскага раёна праходзіла спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства "Дом без пажару", накіраванае на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллі.

Каб папярэдзіць вогненныя здарэнні, работнікі Міёрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, як індывідуальна, так і сумесна з суб'ектамі прафілактыкі, наведалі домаўладанні катэгараваных грамадзян на тэрыторыі Павяцкага і Перабродскага сельскіх Саветаў. Пры абследаванні жылля прадстаўнікі МНС нагадвалі грамадзянам аб неабходнасці няўхільнага выканання правілаў пажарнай бяспекі ў побыце, прыводзілі прыклады пажараў з гібеллю.

– Дадзенае мерапрыемства праводзілася з мэтай зніжэння ўзнікнення пажараў у жыллёвым фондзе і прадухілення гібелі людзей. «Дом без пажару» уключае ў сабе прафілактычныя мерапрыемствы ў домаўладаннях, дзе візуальна ацэньваецца стан пажарнай бяспекі. З грамадзянамі праводзіліся тлумачальныя гутаркі, даваліся рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, – расказвае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Бунта. – Аднак, як паказвае практыка, адных толькі папярэджанняў недастаткова.

У рамках прафілактычнай работы намеснік начальніка Міёрскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Каралёў сустрэўся з жыхарамі населенага пункта аграгарадка Павяцце і вёскі Пераброддзе. У сваім звароце да жыхароў ён падкрэсліў: «Наступленне маразоў - час павышанай небяспекі. Пячное ацяпленне, электраабагравальнікі, неасцярожнае абыходжанне з агнём - усё гэта можа прывесці да трагедыі. Наша задача - не дапусціць гэтага».

На сходах дэталёва разбіраліся прычыны ўзнікнення пажараў у зімовы перыяд. Асаблівая ўвага надавалася правілам эксплуатацыі пячнога ацяплення, эксплуатацыі электраабсталявання, а таксама недапушчальнасці дзіцячага свавольства з агнём.

Акрамя практычных парад усе атрымалі наглядна-выяўленчую прадукцыю з карыснымі парадамі.

Дом без пажару - бяспечны дом | Миорский районный исполнительный комитет